Мінск 07:59

500 дэпутатаў Еўрапарламента далучылася да акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі

Крыніца: сайт ЕП

12 сакавіка, Позірк. У Еўрапейскім парламенце стартавала акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі з хэштэгам #EPStandsBYyou, паведамляе прэс-служба дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

Ініцыятарам кампаніі стала спікер ЕП Роберта Метсола, а першымі ўдзельнікамі — Ціханоўская і еўрадэпутаты “з розных палітычных груп”, адзначаецца ў паведамленні.

“З 10 па 13 сакавіка еўрадэпутаты будуць падпісваць і адпраўляць паштоўкі беларускім палітвязням — людзям, якія незаконна ўтрымліваюцца ў турмах рэжыму Лукашэнкі. Мэта кампаніі — нагадаць, што 1.300 палітвязняў Беларусі не застаюцца ў ізаляцыі: пра іх ведаюць, за іх змагаюцца, і іх вызваленне застаецца прыярытэтам міжнароднай супольнасці”, — гаворыцца ў рэлізе.

Падкрэсліваецца, што да акцыі далучылася 500 еўрадэпутатаў з 720.

“Салідарнасць мацнейшая за сцяну”, — прыводзяцца словы Ціханоўскай.

Паводле яе слоў, падтрымка палітвязняў сёння — гэта “частка барацьбы за дэмакратычную будучыню Беларусі”.

Як паведамляецца, Метсола пацвердзіла, што Еўрапарламент будзе працягваць змагацца за вызваленне ўсіх палітвязняў.

“Кампанія #EPStandsBYyou — гэта не толькі жэст падтрымкі, але і палітычны сігнал: Беларусь застаецца ў цэнтры ўвагі Еўропы, а барацьба за свабоду працягваецца”, — падкрэсліваецца ў публікацыі.

Ціханоўская наведвала Страсбург 11–12 сакавіка. Падчас візіту яна выступіла на спецыяльнай пленарнай сесіі Еўрапарламента і правяла шэраг міжнародных сустрэч.

На 12 сакавіка ў Беларусі 1.215 палітвязняў.

Падзяліцца: