Мінск 19:02

КР накіруе ў Вярхоўную Раду зварот аб уключэнні грамадзян Беларусі ў спісы на абмен палоннымі паміж Украінай і РФ

Крыніца: ютуб-канал КР Скрыншот: "Позірк"

16 сакавіка, Позірк. Каардынацыйная рада (КР) прыняла зварот аб уключэнні грамадзян Беларусі ў спісы на абмен ваеннапалоннымі паміж Украінай і Расіяй, паведаміла “Позірку” прэс-служба намесніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Паўла Латушкі.

Адзначаецца, што зварот быў прыняты з ініцыятывы кааліцыі “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”.

Дакумент, як заяўляецца, зацверджаны “ў сувязі з маючымі адбыцца перамовамі паміж Украінай і Расіяй пры ўдзеле ЗША і ЕС аб мірным пагадненні”.

Канстатуецца, што “з мэтай прадухілення перамяшчэння жывой сілы, тэхнікі і матэрыяльных сродкаў ваеннага прызначэння для здзяйснення ваеннай агрэсіі ў дачыненні да Украіны грамадзянамі Рэспублікі Беларусь былі здзейсненыя акты супраціву”.

Многія беларусы “былі затрыманыя за дзеянні ў падтрымку Украіны: за актыўнае выказванне антываеннай пазіцыі, каментары, якія асуджаюць расійскую агрэсію, данаты УСУ і беларускім добраахвотніцкім падраздзяленням, перадачу звестак аб перамяшчэнні расійскай тэхнікі ініцыятыве “Беларускі Гаюн”, а таксама <…> за ўдзел у беларускіх падраздзяленнях у складзе Узброеных сіл Украіны і іншыя дзеянні”, гаворыцца ў звароце.

Акрамя гэтага, “шэраг грамадзян Беларусі быў абвінавачаны ў ажыццяўленні пералічаных дзеянняў і асуджаны на працяглыя тэрміны пазбаўлення волі”, такім людзям “пагражаюць катаванні і бесчалавечнае абыходжанне”, “іх здароўе і жыццё знаходзяцца пад сур’ёзнай пагрозай”, падкрэсліваецца ў дакуменце.

КР заклікала ўлады Украіны “ўключыць у спіс абмену ваеннапалоннымі грамадзян Беларусі, затрыманых у Беларусі і Расіі, якія рызыкавалі сваім жыццём, каб падтрымаць Украіну ў яе гераічнай барацьбе супраць расійскай агрэсіі і аказвалі дапамогу ўкраінскаму боку”.

Гаворка ідзе пра абмен па формуле “ўсіх на ўсіх”.

Таксама ў звароце ўтрымліваецца заклік уключыць у спісы на абмен беларусаў, рэпрэсаваных на радзіме і ў РФ за выказванне салідарнасці і падтрымкі Украіны ў супрацьстаянні расійскай агрэсіі.

Акрамя гэтага, КР заклікала Кіеў прызнаць усіх беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі і ваююць супраць РФ, “камбатантамі, якія маюць права на абарону ў адпаведнасці з міжнародным гуманітарным правам”.

Паведамляецца, што зварот будзе накіраваны ў Вярхоўную Раду Украіны.

АПК будзе прапанавана падрыхтаваць “спіс для абмену ваеннапалоннымі, а таксама наладзіць камунікацыю з адпаведнымі органамі ва Украіне, адказнымі за працэдуру абмену”.

За прыняцце звароту прагаласаваў 41 дэлегат КР з 44-х. Адзін чалавек устрымаўся, двое выступілі супраць.

Адзначаецца, што фракцыя “Беларусы” (ранейшая назва — “Блок Пракоп’ева — Ягорава”) не ўдзельнічала ў галасаванні.

Кааліцыя “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду” з’яўляецца найбуйнейшай у Каардынацыйнай радзе: 28 месцаў з 80.

Паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, на 24 лютага 2025 года за падтрымку Украіны ў Беларусі было ў крымінальным парадку асуджана не менш за 209 чалавек, у тым ліку 38 жанчын. 41 чалавек асуджаны за ахвяраванні беларускім добраахвотнікам, 30 — за намер ваяваць на баку Украіны, 93 — за перадачу незалежным медыярэсурсам фота і відэа перамяшчэння расійскай вайсковай тэхнікі. 35 і 24 чалавекі адпаведна асуджаныя за “здраду дзяржаве“ (арт. 356 Крымінальнага кодэкса) і за “акт тэрарызму” (арт. 289 КК), частка з іх — у прыватнасці, “рэйкавыя партызаны” — падвергліся пераследу за падтрымку Украіны.

Гл. таксама:

Пра двух палонных байцоў палка Каліноўскага больш за два гады няма ніякіх звестак — камандзір ПКК

Фракцыя “Беларусы” ў КР прапануе абмяняць Верамейчыка на паланёнага УСУ беларуса Ананчыка

Падзяліцца: