Мінск 05:36

Беларусь з 20 сакавіка ўводзіць электронныя візы

19 сакавіка, Позірк. З 20 сакавіка 2025 года грамадзяне 67 дзяржаў могуць уязджаць у Беларусь па электроннай візе. Як нагадала Міністэрства замежных спраў, такая магчымасць прадугледжаная пастановай урада ад 16 снежня 2024 года № 953, якія ўносяць змены ў Візавыя правілы Рэспублікі Беларусь.

МЗС прыводзіць спіс дзяржаў, а таксама тлумачыць парадак атрымання электронных віз. Акцэнтуецца, што ўсе ўведзеныя раней віды бязвізавага рэжыму захоўваюцца.

Заяўкі на атрыманне электронных віз могуць падавацца праз адзіны партал электронных паслуг (АПЭП) агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы (ААІС). Такая віза будзе ўяўляць сабой запіс аб дазволеным замежніку ўездзе ў Беларусь, аформлены ў электронным выглядзе ў адпаведнасці з Візавымі правіламі і захоўвацца ў аўтаматызаванай сістэме “Консул“. Для яе атрымання неабходна накіраваць праз АПЭП ААІС электронную анкету і электроннае пацверджанне аплаты электроннай паслугі.

Электронныя візы з’яўляюцца аднаразовымі і індывідуальнымі, выдаюцца на тэрмін не больш за 30 сутак без унясення ў іх інфармацыі аб асобах, якія падарожнічаюць разам. У залежнасці ад мэты паездкі прадугледжаныя наступныя катэгорыі электронных віз: дзелавая паездка (“дзелавыя стасункі”); удзел у спартыўных, культурных, навуковых, адукацыйных мерапрыемствах і стажыроўках (“спорт/культура/навука/адукацыя”); прыватныя справы (“прыватная”); турызм (“турызм”).

Яны будуць выдавацца ўладальнікам звычайных пашпартоў дзяржаў, пасля падачы імі ў асабістым кабінеце АПЭП ААІС візавай заяўкі, а таксама па выніках правядзення праверак на наяўнасць у спісе асоб, уезд якіх у Беларусь забаронены або непажаданы, і на прадмет выканання тэрмінаў часовага знаходжання ў краіне пры папярэдніх наведваннях.

Выдаваць візы будуць замежныя ўстановы, якія вызначаюцца па грамадзянстве замежніка, а ў выпадку прыпынення або спынення дзейнасці — найбліжэйшая замежная ўстанова Беларусі. Заяўкі будуць разглядацца на працягу сямі каляндарных дзён, выдача электронных віз у тэрміновым парадку ажыццяўляцца не будзе.

Пры ўездзе ў Беларусь і падчас знаходжання ў ёй іншаземец “па патрабаванні кампетэнтных органаў” абавязаны прад’яўляць асобнік электроннай візы ў электронным выглядзе або на папяровым носьбіце. Для яе верыфікацыі неабходна будзе адсканаваць QR-код у мабільным дадатку “Е-Паслуга”.

Візавая анкета, згодна з пастановай, запаўняецца замежнікам з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў альбо разборліва ад рукі на беларускай, або рускай, або англійскай, або паводле меркавання консульскай службовай асобы іншай мове, якая выкарыстоўваецца ў краіне знаходжання. Апошняй опцыі раней не было.

Падзяліцца: