Яшчэ адзін клірык Гродзенскай епархіі перайшоў у Польскую праваслаўную царкву

20 сакавіка, Позірк. Дыякан Гродзенскай епархіі Павел Цыбульскі перайшоў у Польскую праваслаўную царкву, адпаведнае рашэнне ў дачыненні да яго было прынята 20 сакавіка на пасяджэнні Сінода Рускай праваслаўнай царквы.
Як паведамляе тэлеграм-канал ініцыятывы “Хрысціянская візія”, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній паведаміў аб атрыманні прашэння ад Цыбульскага, а таксама пацвярджэння ад мітрапаліта Варшаўскага і ўсяе Польшчы Савы аб яго гатоўнасці прыняць беларускага святара ў клір Варшаўска-Бельскай епархіі.
Цыбульскі нарадзіўся 7 красавіка 1989 года, скончыў Мінскую духоўную семінарыю (2011) і Варшаўскую хрысціянскую багаслоўскую акадэмію (2016). Служыў клірыкам храма святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ваўкавыску. Дыяканскую хіратонію прыняў 6 лістапада 2016 года.
Ён ужо трэці клірык Гродзенскай епархіі за апошнія некалькі гадоў, які атрымаў дазвол на пераход у Польскую праваслаўную царкву. Раней такі дазвол атрымалі святары Цімафей і Андрэй Наздрыны.
Як раней паведамляў “Позірк”, Андрэй Наздрын перайшоў у Польскую царкву 27 снежня 2023 года. За час грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі ён некалькі разоў пацярпеў праз сваю грамадзянскую пазіцыю.
4 кастрычніка 2023 года суд Кастрычніцкага раёна Гродна аштрафаваў яго на 15 базавых велічынь (555 рублёў) паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў) і пастанавіў канфіскаваць тэлефон.
У 2022 годзе Наздрын, на той момант настаяцель прыхода храма Свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага ў Гродне, адкрыта асудзіў развязаную Расіяй вайну ва Украіне. У канцы красавіка 2022-га стала вядома, што на святара данесла ў міліцыю прыхільніца “рускага свету”, гродзенская актывістка Вольга Бондарава. Міліцэйская праверка парушэнняў не выявіла, але сілавікі правялі з Наздрыным “прафілактычную гутарку” аб “недапушчальнасці здзяйснення экстрэмісцкіх правапарушэнняў і злачынстваў”.
Акрамя таго, 18 траўня 2023-га архіепіскап Антоній сваім указам зняў святара з пасады настаяцеля гродзенскага храма, а таксама кіраўніка місіянерскага аддзела і адказнага па справах фізічнай культуры і спорту Гродзенскай епархіі. Пасля той быў пераведзены ў Каматова.
Паводле інфармацыі “Хрысціянскай візіі”, Наздрын быў адным з тых, хто дапамагаў затрыманым падчас пратэстаў летам 2020 года і пазней.
Свяшчэнны Сінод Рускай праваслаўнай царквы зацвердзіў пераход у юрысдыкцыю польскай праваслаўнай царквы святара Гродзенскай епархіі ў Беларусі Цімафея Наздрына ў канцы 2022 года.
Да лютага 2022 года Наздрын займаў пасаду кіраўніка аддзела Гродзенскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы па ўзаемадзеянні з Узброенымі сіламі і іншымі воінскімі фарміраваннямі. Таксама ён займаў раней пасаду настаяцеля храма Аўгустоўскай іконы Божай Маці ў Гродне і быў клірыкам Пакроўскага кафедральнага сабора горада.
У красавіку 2023 года стала вядома, што святары Аляксандр Кухта і Георгій Рой, якія пакінулі Беларусь праз пераслед уладаў у сувязі з пазіцыяй па ўнутрыпалітычным крызісе і расійскай агрэсіі ва Украіне, прынятыя ў Канстанцінопальскую праваслаўную царкву. У Вільнюсе яны заснавалі беларускі прыход Сусветнага патрыярхату. У адрозненне ад сітуацыі з Наздрыным, які атрымаў добраслаўленне на пераход у іншую памесную царкву, епіскапат Беларускага экзархата РПЦ абвясціў, што Кухце і Рою забаронена служыць, паколькі яны “самавольна пакінулі” свае прыходы і выйшлі з-пад юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхата без адпускных грамат.
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 20 сакавіка 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаBEROC не выключае нязначнага павышэння інфляцыі ў бліжэйшыя месяцыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства