Мінск 09:05

За тыдзень бязвізам скарысталася 3.715 еўрапейцаў — Дзяржпагранкамітэт

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

24 сакавіка, Позірк. З 17 да 24 сакавіка Беларусь у бязвізавым парадку наведала 3.715 жыхароў еўрапейскіх дзяржаў (тыднем раней — 3.854), вынікае з інфармацыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За тыдзень у краіну накіравалася 1.144 грамадзяніны і неграмадзяніны Латвіі (за папярэдні справаздачны перыяд — 1.339), 1.552 грамадзяніны Літвы (1.612), 477 грамадзян Польшчы (468) і 542 грамадзяніны з ліку прадстаўнікоў іншых еўрапейскіх дзяржаў (435).

Агулам з 15 красавіка 2022 года краіну наведала 1.073.208 жыхароў Еўропы. З Латвіі прыбыло 337.887, Літвы — 606.203, Польшчы — 108.715.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы.

Гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.

Грамадзяне гэтых дзяржаў могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “на падставе сапраўдных дакументаў”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 сутак з дня ўезду”.

13 снежня 2024 года бязвіз для жыхароў 38 еўрапейскіх краін падоўжаны да канца 2025-га.

Падзяліцца: