Чарговая праверка баявой гатоўнасці войска “абсалютна не выкліканая ваенна-палітычнай абстаноўкай”, сцвярджае Вальфовіч

25 сакавіка, Позірк. У чарговай праверцы баявой гатоўнасці Узброеных сіл (УС), якая пачалася ў Беларусі, “няма нічога надзвычайнага — усё планава, усё пад кантролем”, заявіў ТАСС 25 сакавіка дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
Паводле яго слоў, манеўры “абсалютна не выкліканыя якой-небудзь ваенна-палітычнай абстаноўкай”.
Мэтай мерапрыемстваў чыноўнік назваў магчымасць ацаніць, ці здольныя УС і органы ваеннага кіравання “выконваць задачы па забеспячэнні бяспекі з улікам вопыту баявых дзеянняў ва Украіне, на Блізкім Усходзе і ў іншых рэгіёнах свету”.
Праверка павінна паказаць, “наколькі сучасныя спосабы і метады вядзення ваенных дзеянняў засвоеныя беларускім войскам, наколькі іх умеюць выкарыстоўваць вайсковаслужбоўцы”, дадаў Вальфовіч.
“Гэта рабочыя моманты, вучоба для ўзброеных сіл і іншых вайсковых фарміраванняў. Гэта тое, чым яны павінны займацца на пастаяннай аснове”, — рэзюмаваў кіраўнік Саўбеза.
Па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі 24 сакавіка дзяржсакратарыят Савета бяспекі пачаў праверку баявой гатоўнасці Узброеных сіл.
Як адзначала Міністэрства абароны, асабоваму складу “адной з вайсковых частак” трэба будзе выканаць “комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы тэхнікі і ўзбраення да выканання вучэбна-баявых задач, у тым ліку ажыццявіць загрузку матэрыяльных сродкаў і выхад на адзін з палігонаў”.
Далей пройдуць мерапрыемствы па “інжынерным абсталяванні, маскіроўцы, ахове і абароне ў прызначаным раёне”. Ваенным таксама трэба будзе “выканаць кантрольныя стрэльбы са штатнай зброі”.
Для стварэння абстаноўкі, набліжанай да баявой з улікам досведу “сучасных ваенных канфліктаў” (імаверна, гаворка пра вайну РФ супраць Украіны) “спланавана задзейнічанне як ударных, так і разведвальных БПЛА, а таксама авіяцыі”.
Мінабароны адзначала, што падчас праверкі запланавана перамяшчэнне вайсковай тэхнікі, таму “магчыма часовае абмежаванне руху грамадзянскага транспарту на дарогах агульнага карыстання і ўчастках мясцовасці”.
Варта адзначыць, што раней праверка баявой гатоўнасці арміі была абвешчаная 3 лютага. Аб яе завяршэнні не паведамлялася.
Яшчэ 11 сакавіка дзяржаўныя медыя заяўлялі, што праверка працягваецца, хаця этап на палігоне пад Барысавам (Мінская вобласць), які адбыўся ў той дзень, называўся “адным з завяршальных”.
Рэжым Лукашэнкі бесперапынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі і зборы на фоне абвастрэння адносін з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.
У лютым 2022 года ўварванне ажыццяўлялася, у тым ліку, з беларускай тэрыторыі.

- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- ЭканомікаДолар падаражэў на таргах 17 верасняМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ЭканомікаНа складах у Мінску захоўваецца 112,4% сярэднямесячнага аб'ёму прамысловай вытворчасціМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаУ студзені — жніўні з дзяржпадтрымкай пабудавана ў 1,6 раза менш жылля, чым годам раней (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ дзень вывазу палітвязняў Літва ўпершыню за тыдзень не зафіксавала спробаў незаконнай міграцыі з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаЧарговая група замежнікаў, сярод якіх грамадзяне Беларусі, выправаджаная з Грузіі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка


