Мінск 23:06

МУС паведаміла пра “ліквідацыю” ў Рагачоўскім раёне падазраванага ў падвойным забойстве

Дом, у якім былі забітыя мужчына і жанчына
Скрыншот: МУС

27 сакавіка, Позірк. Пра “ліквідацыю” падазраванага ў падвойным забойстве ў Рагачоўскім раёне (Гомельская вобласць) паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Адзначаецца, што 27 сакавіка “ў міліцыю паступіла паведамленне, што ў вёсцы Старое Сяло адбылося забойства”.

“Прыбыўшы на месца, праваахоўнікі выявілі целы мужчыны і жанчыны 53 і 58 гадоў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле папярэдніх звестак, напярэдадні ў адным з дамоў вёскі “адбывалася застолле са спіртным”. “Праз некалькі гадзін п’янай вечарынкі ўспыхнула сварка, 52-гадовы раней неаднаразова судзімы мужчына схапіў стрэльбу і ва ўпор расстраляў жанчыну і яе сужыцеля”, — заяўляе МУС.

Пасля здзейсненага забойства, як сцвярджаецца, “узброены злачынец схаваўся ў лясным масіве”, “неадкладна па трывозе былі паднятыя спецпадраздзяленні МУС”.

“Падчас пошукавых мерапрыемстваў зламыснік знойдзены, аказаў узброены супраціў і быў ліквідаваны”, — падкрэсліла ведамства.

Паведамляецца, што да месца падзей “выбыў” міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.

Гэта як мінімум трэцяя смерць пры затрыманні міліцыяй з лістапада 2023 года.

13 жніўня 2024-га МУС паведаміла, што супрацоўнікі міліцыі з ужываннем агнястрэльнай зброі затрымалі ў Мінску Аляксандра Ліпскага, які аказаў узброены супраціў. Пазней у той жа дзень стала вядома, што ён памёр ад атрыманых пры затрыманні раненняў. Мужчына быў у вышуку па падазрэнні ў здзяйсненні забойства.

Падзяліцца: