Мінск 15:41

У Мінску затрыманы блогер, які займаўся “чорным капальніцтвам” — МУС

Відэа: прэс-служба МУС / Стоп-кадр: "Позірк"

22 красавіка, Позірк. У Мінску затрыманы 30-гадовы жыхар сталіцы, які “займаўся незаконнымі раскопкамі на тэрыторыях вядзення баявых дзеянняў часоў Вялікай Айчыннай вайны з мэтай пошуку зброі, боепрыпасаў, выбуховых прыстасаванняў”, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

“Разбор небяспечных знаходак ён рабіў дома, — заявіў начальнік 5-га ўпраўлення ГУБАЗіК Сяргей Ванагель (на падставе відэакаментарыю ў тэлеграм-канале МУС). — Мужчына стварыў тэматычны канал у “ЮТуб”, дзе размяшчаў відэаматэрыялы прыборнага пошуку, здымаючы ролікі і выкладваючы іх у сетку для атрымання большай колькасці праглядаў. Таксама выяўленыя факты небяспечнага для сябе і навакольных знішчэння боепрыпасаў паблізу ад населеных пунктаў”.

Паводле слоў міліцэйскага начальніка, дома ў блогера “выяўленыя і вынятыя боепрыпасы”.

Прызначаная балістычная экспертыза “для вырашэння пытання аб узбуджэнні крымінальнай справы за незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў”. Мужчыну, як сказаў Ванагель, можа пагражаць да 7 гадоў пазбаўлення волі.

У лютым дзяржаўныя СМІ паведамілі, што ў Беларусі распрацоўваюцца прапановы па абмежаванні выкарыстання металадэтэктараў.

Дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вадзім Лакіза на сустрэчы з журналістамі 6 лютага выказаў меркаванне, што разрабаванне археалагічных аб’ектаў і нелегальны продаж знойдзеных артэфактаў “нясуць пагрозу гуманітарнай бяспецы і нацыянальным інтарэсам дзяржавы”.

13 жніўня 2024 года Лакіза заклікаў перагледзець формы ўзаемадзеяння з людзьмі, якія ў прыватным парадку займаюцца пошукам археалагічных артэфактаў і “чорным капальніцтвам”.

У снежні 2015 года Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў комплекс мер, скіраваны на стварэнне дадатковых умоў для захавання культурнай спадчыны краіны, а таксама прадухіленне дзейнасці “чорных капальнікаў”.

Дакументам прадугледжана перадача археалагічных артэфактаў, выяўленых пры правядзенні археалагічных даследаванняў або выпадкова, у дзяржаўную ўласнасць.

“Чорнымі капальнікамі” называюць людзей, якія займаюцца нелегальным пошукам гістарычных артэфактаў без афіцыйнага дазволу.

У суд накіраваная справа меркаванага "чорнага капальніка" з Мінска, абвінавачанні звязаныя са зброяй

15 красавіка, Позірк. Пракуратура Мінскай вобласці накіравала ў Мінскі абласны суд крымінальную справу 61-гадовага жыхара сталіцы, які абвінавачваецца паводле ч. 2 і 3 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры. Сцвярджаецца, …
Падзяліцца: