Мінск 18:58

Міжнародны валютны фонд палепшыў прагноз росту эканомікі Беларусі

Крыніца: revenuebot.io

23 красавіка, Позірк. Міжнародны валютны фонд (МВФ) у красавіцкім аглядзе палепшыў прагноз росту беларускай эканомікі ў 2025 годзе.

На думку аналітыкаў МВФ, валавы ўнутраны прадукт Беларусі па выніках 2025 года вырасце на 2,8%, 2026-га — на 2%.

Інфляцыю па выніках 2025 года фонд прагназуе на ўзроўні 5,5%, на наступны год — 5,8%.

Згодна з зацверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам найважнейшымі эканамічнымі прагнознымі (дэ-факта — планавымі) параметрамі на 2025 год, рост ВУП мусіць скласці 4,1%, інфляцыя не павінна перавысіць 5%.

У леташнім кастрычніцкім аглядзе МВФ прагназаваў рост беларускай эканомікі па выніках 2024 года на 3,6% (паводле заяў уладаў, ВУП летась вырас на 4%), у 2025-м — на 2,3%, узровень інфляцыі — 6% (згодна з занымі афіцыйнага Мінска, яна склала 5,2%) і 6,4% адпаведна.

Летась у сярэдзіне кастрычніка Сусветны банк спрагназаваў рост беларускай эканомікі ў 2025 годзе на 1,2%.

Падзяліцца: