Мінск 03:39

Ціханоўская і Латушка спадзяюцца, што новы папа Леў XIV стане голасам падтрымкі для тых, хто церпіць пераслед

Новы папа Леў XIV
Відэазапіс: vaticannews.va / Стоп-кадр: "Позірк"

8 траўня, Позірк. Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і яе намеснік у Аб’яднаным пераходным кабінеце Павел Латушка павіншавалі 69-гадовага амерыканскага кардынала Роберта Фрэнсіса Прэво з абраннем кіраўніком рыма-каталіцкай царквы (папа Леў XIV).

“Несумненна, вашае прызначэнне з’яўляецца важнай падзеяй як для католікаў, так і для ўсіх хрысціян, і ўвогуле кожнага чалавека на нашай Зямлі. Ваш голас будуць чуць мільёны. І сярод іх — мы, беларусы. Народ, які мірна змагаецца за свае правы і свабоду. Народ, які верыць у сілу спачування і салідарнасці. Які ставіць чалавечнасць і дабрыню вышэй за ўсё іншае”, — напісала Ціханоўская.

“Мы верым, што вашае слова можа стаць голасам падтрымкі для нашых палітвязняў, для іх сем’яў. Голасам для ўсіх, хто не страціў веры нават у самых цяжкіх умовах нашай рэчаіснасці”, — падкрэсліла дэмлідар. 

Яна выказала спадзяванне, што служэнне Льва XIV “стане праменем надзеі для ўсіх, хто змагаецца за праўду”.

Надзею, што Леў XIV стане голасам сумлення і падтрымкі для тых, хто верыць у праўду і свабоду, выказаў Павел Латушка, віншуючы новага папу з абраннем на апостальскі пасад.

Палітык падкрэсліў, што абранне папы мае вялікае духоўнае значэнне для мільёнаў католікаў, у тым ліку для каталіцкай супольнасці Беларусі, народ якой перажывае цяжкія часы: “Пераслед святароў, закрыццё храмаў, ціск на вернікаў і шырокамаштабныя рэпрэсіі супраць мірных грамадзян — усе гэта патрабуе голасу маральнага аўтарытэту, здольнага выказаць салідарнасць з пакутлівым народам і абараніць фундаментальныя правы чалавека”.

“Выказваю свае шчырыя віншаванні католікам усяго свету і таксама каталікам Беларусі, для якіх гэты момант з’яўляецца крыніцай надзеі і падтрымкі. У часы глабальных выпрабаванняў асабліва важнай з’яўляецца місія Царквы — несці святло веры, міру і справядлівасці”, — напісаў Латушка.

Вечарам 8 траўня над Сіксцінскай капелай з’явіўся белы дым, абвяшчаючы свету пра абранне новага пантыфіка. Тысячы вернікаў, што сабраліся на плошчы Святога Пятра, сустрэлі гэтую навіну воклічамі радасці і апладысментамі. Выбары адбыліся з трэцяй спробы: два разы над капелай узнімаўся чорны дым.

Кардынал Роберт Фрэнсіс Прэво быў прэфектам ватыканскай Кангрэгацыі па справах біскупаў.

Сайт беларускіх каталікоў паведаміў, што Прэво нарадзіўся 14 верасня 1955 года ў Чыкага. Духоўны шлях прывёў яго да служэння ў якасці місіянера, а затым і да вышэйшых пасад у касцёле. З 30 студзеня 2023 года да 21 красавіка 2025 года ён займаў пасаду прэфекта дыкастэрыі па справах біскупаў і адначасова быў старшынёй папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі.

Адзначаецца, што ў першыя дні свайго пантыфікату Леў XIV правядзе шэраг сустрэч з кардыналамі і прадстаўнікамі Рымскай курыі. На працягу бліжэйшых дзён будзе абвешчаная дата афіцыйнай інтранізацыі, падчас якой адбудзецца ўрачыстая святая імша пачатку пантыфікату.

Выбары адбыліся пасля смерці папы Францішка 21 красавіка 2025 года.

Гл. таксама па тэме:

За якую Беларусь маліўся Францішак? Пра спадчыну пантыфіка і яго найлепшага пераемніка

Падзяліцца: