Мінск 12:36

Дзве жыхаркі Мінска прыгавораныя да абмежавання волі за арганізацыю нелегальнага ўезду ў Беларусь 53 замежнікаў

Ілюстрацыйнае фота: Аляксей Кісялеўскі / Следчы камітэт

6 кастрычніка, Позірк. Дзве жыхаркі Мінска прызнаныя вінаватымі паводле ч. 2 арт. 3711 КК (арганізацыя незаконнай міграцыі, здзейсненая службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў), паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле рашэння суда, адна прыгавораная да 2,5 года абмежавання волі, другая — 2 гадоў (у абодвух выпадках — без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу). Жанчынам таксама прызначаныя штрафы — 13,5 тыс. і 9 тыс. рублёў адпаведна.

Паводле інфармацыі СК, 53-гадовая мінчанка “зарэгістравала некалькі прадпрыемстваў нібыта для аказання кампутарных паслуг і праграмавання”. Заяўленая дзейнасць выявілася фіктыўнай, насамрэч кампаніі выкарыстоўваліся як інструмент у рамках арганізаванага ёй “канала па незаконным уездзе і далейшым знаходжанні грамадзян Турцыі”.

Паведамляецца, што жанчына шукала ў інтэрнэце “ахвочых прыехаць у краіну, прапаноўваючы ім фіктыўнае працаўладкаванне на ўяўныя пасады інжынераў-праграмістаў”. Як заяўлена, яна “вырабляла падробленыя дакументы, якія пасля падаваліся ў амбасаду і тэрытарыяльныя аддзелы па грамадзянстве і міграцыі”, а таксама “дапамагала замежнікам у пошуку жылля”.

“Следчыя высветлілі, што праз некаторы час мінчанка прыцягнула сваю 52-гадовую знаёмую. На імя сяброўкі яна аформіла новую арганізацыю, якая спецыялізуецца на “працаўладкаванні” грамадзян іншых дзяржаў. <…> На працягу трох гадоў жыхаркі Мінска забяспечылі знаходжанне і нелегальны ўезд у краіну 53 замежным грамадзянам, а злачынная схема прынесла ім каля 40 тысяч рублёў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падзяліцца: