Мінск 22:08

Лукашэнка жадае сустрэцца з прэзідэнтам Камеруна, які пры ўладзе больш за 40 гадоў

Прэзідэнт Камеруна Поль Бія
Архіўнае відэа: WION / стоп-кадр: "Позірк"

20 траўня, Позірк. Асабіста абмеркаваць “актуальныя пытанні” супрацоўніцтва Беларусі і Камеруна прапанаваў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 20 траўня прэзідэнта гэтай дзяржавы ў Цэнтральнай Афрыцы Поля Бія з Нацыянальным днём.

Віншавальнік, словы якога прыводзіць яго прэс-служба, адзначыў, што будзе рады сустрэцца з Бія “ў Мінску, Яўндзе або падчас шматбаковых мерапрыемстваў”.

Лукашэнка, як адзначаецца, “пацвердзіў зацікаўленасць у нарошчванні” з Камерунам “доўгатэрміновых трывалых сувязей у двухбаковым гандлі, прамысловай кааперацыі, навукова-тэхнічнай і гуманітарнай сферах, а таксама ў актывізацыі ўзаемадзеяння на міжнародных пляцоўках”.

“Сёння ваша краіна ўпэўнена рухаецца наперад, паспяхова вырашае задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця і росту дабрабыту сваіх грамадзян, пашырае знешнепалітычны дыялог”, — заявіў палітык, звяртаючыся да Бія.

Полю Бія 92 гады, ён займае сваю пасаду з 6 лістапада 1982 года, то бок больш за 42 гады.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Камерунам усталяваныя 14 лістапада 2006 года.

Паводле даных беларускага МЗС, аб’ём двухбаковага гандлю за 2021 год — 11,9 млн долараў. Беларусь экспартавала на 10,1 млн (у асноўным калійныя ўгнаенні, нафтапрадукты, алюмініевыя канструкцыі, друкаваную прадукцыю), атрымала з Камеруна — на 1,8 млн (какаа-бабы, кава, бананы). Актуальных звестак на сайце знешнепалітычнага ведамства няма.

27 ліпеня 2022 года Раман Галоўчанка, які займаў тады пасаду прэм’ер-міністра, заявіў, што праз уведзеныя санкцыі перад урадам стаіць задача па “пераарыентацыі экспартных патокаў”, неабходна “больш актыўна працаваць” у дзяржавах “далёкай дугі”, каб умацаваць “пазіцыі на рынках дружалюбных краін”.

З таго часу Беларусь актывізавала стасункі з нетыповымі для сябе эканамічнымі партнёрамі, у тым ліку з краінамі Афрыкі.

Па выніках перагавораў 14 траўня 2025 года ў Мінску Лукашэнка і прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва падпісалі дарожную карту стратэгічнай двухбаковай супрацы і партнёрства на 2026–2030 гады. 

7 траўня Лукашэнка правёў у Мінску перагаворы з прэзідэнтам Гвінеі-Бісаў Умару Сісоку Эмбала.

Раней старэйшы даследчык Цэнтра новых ідэй, экс-дыпламат Павел Мацукевіч у аналітычным матэрыяле для “Позірку” адзначаў, што пераарыентацыя гандлю на “далёкую дугу” “дае свой плён, аднак экспартны ўраджай не супастаўны з тым, што давала Еўропа”. “Беларускі экспарт усё адно пакуль куды больш паспяхова прыбудоўваецца ў Расіі, дзе вызваліліся нішы”, — падкрэсліваў ён.

Падзяліцца: