Мінск 17:08

Літоўскія памежнікі пасадзілі 35-ы ад пачатку года беспілотнік з беларускімі цыгарэтамі

Фота: САДМ Літвы

27 ліпеня, Позірк. Чарговы беспілотны лятучы апарат (самалётнага тыпу), які заляцеў з боку Беларусі з партыяй кантрабандных цыгарэт, пасадзіла Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Літвы.

Паводле інфармацыі прэс-службы ведамства, гэта адбылося ў ноч на 26 ліпеня ў Шальчынінкскім раёне. Супрацоўнікі памежнай заставы Пурвенай “пачулі характэрны для беспілотніка гук”, пасля чаго выкарысталі антыдронавае абсталяванне. Неўзабаве прыкладна за 500 метраў ад мяжы з Беларуссю быў знойдзены беспілотнік, “чатыры прапелеры якога яшчэ працягвалі круціцца”.

Да апарата быў прымацаваны скрутак з 200 пачкамі цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі. Кошт вынятай партыі з улікам усіх падаткаў, якія маюць быць выплачаныя ў Літве, ацэньваецца ў 1.092 еўра.

Па факце “незаконнага набыцця і перавозкі падакцызных тавараў” распачатая адміністрацыйная вытворчасць. Беспілотнік і цыгарэты канфіскаваныя.

Паводле даных САДМ, ад пачатку 2026 года літоўскія памежнікі перахапілі ўжо 35 кантрабандных беспілотнікаў, якія прыляцелі з боку Беларусі. За ўвесь 2025 год было перахоплена 59 такіх апаратаў, а ў 2024 годзе — 54.

Падзяліцца: