Мінск 11:08

Ціханоўская ў гадавіну прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце: Беларусь павінна быць самастойнай

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

27 ліпеня, Позірк. За прыняццем Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце 27 ліпеня 1990 года “стаяць людзі, якія хацелі, каб Беларусь нарэшце сама вырашала свой лёс”, адзначыла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў чарговую гадавіну гэтай падзеі.

Паводле яе слоў, тыя людзі хацелі, каб “былі свае законы, свая палітыка, свая будучыня”, каб “ніхто звонку не распараджаўся” беларускай зямлёю.

“Гэта быў вынік прабуджэння. Пасля Чарнобыля, пасля адкрыцця праўды пра Курапаты, пасля рухаў за свабоду ў суседніх краінах усё больш беларусы адчувалі: мы маем права быць асобнай краінай. Мае права існаваць Беларусь, і не як дадатак да чужой імперыі, а як дом для свайго народа, — адзначыла палітык у сваім тэлеграм-канале. — Незалежнасць не з’явілася сама па сабе — за яе змагаліся, яе выбіралі і адстойвалі. Нават тыя, хто пазней пачаў разбураць беларускую дзяржаўнасць, тады галасавалі за суверэнітэт, нейтралітэт і бяз’ядзерны статус”.

“Сённяшняя дата не пра мінулае. Яна пра сучаснае. Бо Беларусь павінна быць самастойнай, мірнай і вольнай ад чужой зброі ды чужых войнаў”, — дадала Ціханоўская.

Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі была прынятая 27 ліпеня 1990 года дэпутатамі Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання. “За” выказалася 229 з 232 дэпутатаў, якія зарэгістраваліся на пасяджэнні, трое не галасавалі.

На прапанову дэпутата Анатоля Вярцінскага парламент пастанавіў лічыць 27 ліпеня Днём Незалежнасці і штогод адзначаць яго як дзяржаўнае свята (“за” — 210 галасоў).

25 жніўня 1991 года, пасля правалу путчу кансерватыўнай часткі кіраўніцтва СССР, Вярхоўны Савет надаў дэкларацыі статус канстытуцыйнага закона.

27 ліпеня было ў Беларусі Днём Незалежнасці да 1996 года.

У лістападзе 1996 года на падставе афіцыйных вынікаў канстытуцыйнага рэферэндуму святкаванне Дня Незалежнасці было перанесена на 3 ліпеня — дзень вызвалення Мінска ад гітлераўскіх войскаў. Пры гэтым канчаткова тэрыторыя цяперашняй Беларусі была вызваленая ў канцы ліпеня, а сама яна да 1991 года ўваходзіла ў склад СССР.

Беларускія ўлады пакуль ніяк не адрэагавалі на 35-годдзе прыняцця дэкларацыі. Аляксандр Лукашэнка, Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі з раніцы павіншавалі насельніцтва з Днём работнікаў гандлю.

Падзяліцца: