Мінск 11:54

У Беларусі затрыманы 46-гадовы замежнік з буйной партыяй псіхатропу

Відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

3 лістапада, Позірк. Супрацоўнікі наркакантролю Гродзенскай вобласці затрымалі 46-гадовага замежніка з буйной партыяй псіхатропнага рэчыва параметылэфедрон — амаль 2 кг, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле інфармацыі ведамства, мужчына прыехаў у Беларусь у верасні, каб працаваць на інтэрнэт-краму па продажы наркотыкаў. Заяўляецца, што ён размяшчаў аптовыя партыі забароненых рэчываў у схованках у Мінску і Мінскім раёне.

Падазраванага затрымалі пры сілавой падтрымцы байцоў спецыяльнага атрада хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС. Распачатая крымінальная справа за незаконны збыт наркотыкаў. Мужчыну, як адзначае міністэрства, пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Падкрэсліваецца, што кур’ер не паспеў атрымаць аплату ад наймальніка.

21 кастрычніка паведамлялася пра затрыманне трох меркаваных наркакур’ераў ва ўзросце 16, 19 і 21 года, адзін з якіх быў замежнікам. Паводле даных МУС, яны працавалі на адну інтэрнэт-краму. З незаконнага абароту вынялі 300 г мефедрону.

У верасні ў Мінску затрымалі трох замежнікаў ва ўзросце ад 17 да 20 гадоў. Паводле версіі міліцыі, яны атрымлівалі буйныя партыі наркотыкаў, фасавалі іх і распаўсюджвалі праз схованкі ў лясных масівах Мінскага раёна і вобласці. У кватэры затрыманых і схованках выявілі 2 кг мефедрону.

У красавіку 2026 года паведамлялася пра затрыманне ў Мінскай вобласці 23-гадовага грамадзяніна адной з краін Цэнтральнай Азіі. Паводле інфармацыі МУС, ён працаваў на інтэрнэт-краму і атрымаў з-за мяжы буйную партыю гашышнага алею. Пры затрыманні ў яго вынялі 11 кг рэчыва, замаскаванага пад харчовую прадукцыю ў бутэльках.

Падзяліцца: