У Варшаве праходзіць выстава “Беларусы з Украінай у сэрцы” (+фота)
3 лістапада, Позірк. З 31 кастрычніка па 12 лістапада ў Музеі вольнай Беларусі працуе выстава “Беларусы з Украінай у сэрцы”.
Карціны, што экспануюцца, былі створаныя членамі ліквідаванай у снежні 2023 года суполкі “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў.
Творцы ў 2015 годзе наведалі тагачасную зону АТА (антытэрарыстычнай аперацыі) на паўднёвым усходзе Украіны: Пескі, Валнаваху, Навагродаўку, ваколіцы данецкага аэрапорта.
Дэманструецца 21 карціна дзесяці беларускіх мастакоў, сярод якіх Алесь Пушкін (быў арыштаваны ў 2021 годзе, прызнаны палітвязнем, памёр у зняволенні ў 2023 годзе), Генадзя Драздова (былы палітзняволены), Алеся Цыркунова, Андрэя Такінданга, украінскага мастака Тараса Носара.
Мастакі малявалі разбураныя будынкі, вайскоўцаў і добраахвотнікаў, фіксавалі паўсядзённасць людзей, чыё жыццё змяніла вайна.
Выстава прысвечаная таксама байцам тактычнай групы “Беларусь”, якія загінулі, абараняючы Украіну ў 2015 годзе.
“Для мастакоў паездка на фронт была не толькі творчым пленэрам, але і свядомым жэстам салідарнасці з людзьмі, якія змагаліся за незалежнасць Украіны”, — адзначаецца ў апісанні выставы, якое падрыхтаваў музей.
На думку арганізатараў, пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ў 2022 годзе гэтыя працы “набылі новае сэнсавае вымярэнне”, яны з’яўляюцца гістарычнымі сведчаннямі і напамінам, што вайна пачалася задоўга да 2022 года, “а салідарнасць беларусаў з Украінай ужо тады знаходзіла ўвасабленне ў мастацтве, валанцёрстве і асабістым удзеле ў абароне краіны”.
Сярод твораў, прадстаўленых на выставе, ёсць партрэты Міхаіла Жызнеўскага, які быў забіты ў Кіеве ў 2014 годзе падчас Рэвалюцыі годнасці, Алеся Чаркашына, які загінуў на вайне за Украіну.
“Беларусы, якія загінулі, ваявалі не толькі за Украіну, а і за волю нашай краіны. Бо зараз ва Украіне ідзе вайна, а Беларусь — ціха акупаваная краіна. На сённяшні дзень беларусы, якія жывуць у Беларусі, жывуць пад двайным прыгнётам. З аднаго боку, гэта расійская акупацыя; расійскія войскі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, паводзяць сябе як гаспадары. І другі прыгнёт — гэта рэжым, які сёння проста здзекваецца з людзей, ставіць на мяжу выжывання”, — сказаў на адкрыцці выставы прадстаўнік арганізатараў.
Адзін з мастакоў, які пажадаў захаваць ананімнасць, у каментары “Позірку” выказаў шкадаванне, што паўтарыць паездку цяпер немагчыма. “І сябра галоўны наш (Алесь Пушкін. — “Позірк”.), як кажуць, сном пакрыты вечным. А тэма жывая, ляжыць, чакае нас, мастакоў, там жа сама, на тых землях. Там лёс наш вырашаецца. Калі Украіна з кален не падымецца, то і нам, акрамя кален, вышэй не падняцца”, — адзначыў творца.
Паводле яго слоў, каштоўнасць культуры — менавіта ў вобразах, “мастакі і літаратары перапрацоўваюць тое, што ёсць у палітыцы, у гэтыя вобразы”.
Выставу плануецца арганізаваць у іншых гарадах Польшчы.
-
Грамадства
-
Грамадства, Палітыка
-
Грамадства
-
Грамадства
-
Эканоміка
-
ЭканомікаАдмоўнае сальда Беларусі ў гандлі таварамі з краінамі па-за СНД наблізілася да 6,6 млрд долараў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
-
ЭканомікаКурс наяўнага долара ў кастрычніку знізіўся на 1,7%, з пачатку 2026 года — вырас на 0,9%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
-
Бяспека, Палітыка
-
Бяспека, Палітыка
-
Палітыка
-
Грамадства, Навіны Германіі, Палітыка
-
Грамадства, Палітыка
-
Бяспека, Палітыка
-
Грамадства, Палітыка
-
Грамадства, ПалітыкаТрэці год запар актыўнасць мігрантаў на мяжы Беларусі і ЕС у кастрычніку ніжэйшая, чым у верасні — аналізМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
-
Грамадства, Палітыка
-
Грамадства, ПалітыкаУпершыню за апошнія 222 дні Латвія не зафіксавала актыўнасці мігрантаў на мяжы з Беларуссю (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
-
ГрамадстваУпершыню за апошнія 30 тыдняў грамадзяне Беларусі наўпрост не згаданыя ў спісе замежнікаў, якія пакінулі Польшчу на патрабаванне ўладаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
-
Грамадства, Эканоміка
-
Эканоміка