Мінск 14:12

Лукашэнка хоча давесці тавараабарот з Калужскай вобласцю РФ да 1 млрд долараў экспартам будаўнічых паслуг, кааперацыяй

Ілюстрацыйнае фота: multifacetedgirl / pixabay.com

27 ліпеня, Позірк. На недастатковы ўзровень двухбаковага тавараабароту паскардзіўся Аляксандр Лукашэнка 27 ліпеня ў Мінску на сустрэчы з губернатарам Калужскай вобласці Расіі Уладзіславам Шапшам.

“Стасункі паміж намі, на шчасце, развіваюцца нядрэнна. Але мы планавалі ў свой час мільярдны тавараабарот. Недацягваем, трэба шукаць кірункі, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Магчымасці гіганцкія ў вобласці. Мільярд — гэта, думаю, нармальна паміж Беларуссю і Калужскай вобласцю. Будзем на гэта арыентавацца”.

На думку Лукашэнкі, давесці ўзаемны тавараабарот да 1 млрд долараў можна “не толькі і не столькі” звычайным гандлем (“хоць ён для нас таксама вельмі важны”).

“Мы ўжо навучыліся працаваць у вашай вобласці і гатовыя да будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў, а вы ўсё ж нямала іх ствараеце ў вобласці. Гатовыя пад ключ пабудаваць і здаць [такія аб’екты], каб было відаць твар Беларусі. <…> Мы гатовыя пад ключ стварыць пэўныя комплексы на вялікіх плошчах сельскагаспадарчых угоддзяў, гатовыя паказаць той варыянт, які мы ствараем у Беларусі”, — сказаў ён, звярнуўшы ўвагу на падабенства клімату і ладу ў аграрным сектары краіны і расійскага рэгіёну.

Палітык мяркуе, што Беларусь і Калужская вобласць РФ могуць ствараць і развіваць кааперацыйныя сувязі: “Ведаю, што існуюць праекты, якія рэалізуюцца з МАЗам, БЕЛАЗам… Пакуль мы іх там рэалізуем, мы гатовыя да супрацы з вамі ў гэтым кірунку, гатовыя пастаўляць вам любую тэхніку”.

Асобна ён згадаў пра сельскагаспадарчую тэхніку: “Без тэхнікі нам не абысціся. Працоўных рэсурсаў і ў вас, і ў нас аднолькава не хапае. Таму трэба механізаваная сельская гаспадарка. Мы гэтым займаемся і можам падзяліцца з вамі досведам”.

“Мы хочам, каб вы ведалі, што маецца такая блізкая, родная для вас краіна, якая можа матэрыялізаваць усё гэта. Гэта не толькі брацкія пачуцці, але і вялікая эканоміка. Словам, абменьвацца досведам заўсёды радыя. Дзякуй Богу, мы размаўляем на адной мове і не плануем размаўляць на нейкіх іншых мовах. Будзем дзяліцца досведам і неяк прасоўвацца наперад. У тым ліку, вырашаць цяжкія задачы, якія ў нас узнікаюць падчас нашай жыццядзейнасці”, — заявіў Лукашэнка.

Паводле інфармацыі яго прэс-службы, у 2025 годзе аб’ём узаемнага гандлю паміж Беларуссю і Калужскай вобласцю РФ склаў 705 млн долараў, у студзені — траўні 2026-га — 311,4 млн (+17,4% да аналагічнага леташняга перыяду). Мінск у асноўным экспартаваў “нафтапрадукты, мэблю і яе часткі, металаканструкцыі з чорных металаў, насенне, смолы і поліурэтаны” ды інш.

З Калужскай вобласці пастаўляліся пераважна “прадукты для кармлення жывёл, палімеры этылену і прапілену, рыбнае філе, алюмініевы дрот” ды іншая прадукцыя.

Падзяліцца: