Мінск 21:34

Беларусь наведвае камандуючы Сіламі абароны Зімбабвэ, плануецца абмеркаваць вайсковую супрацу

Камандуючы Сіламі абароны Зімбабвэ Філіп Валерыа Сібанда
Фота: прэс-служба Мінабароны

20 траўня, Позірк. У Беларусь з афіцыйным візітам прыбыла дэлегацыя на чале з камандуючым Сіламі абароны Зімбабвэ Філіпам Валерыа Сібандам, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Адзначаецца, што члены дэлегацыі “наведаюць адну з вайсковых часцей Узброеных сіл, Ваенную акадэмію Беларусі, а таксама возьмуць удзел у працы выставы ўзбраення і вайсковай тэхнікі MILEX-2025”.

Начальнік Генеральнага штаба УС Павел Муравейка правядзе з Сібандам перагаворы, “падчас якіх бакі абмяркуюць актуальныя пытанні і перспектывы ўзаемадзеяння ў вайсковай сферы” — з улікам вынікаў нядаўняга візіту ў Беларусь прэзідэнта Зімбабвэ Эмерсана Мнангагвы.

Беларускія ўлады актывізавалі кантакты з Зімбабвэ ў 2023 годзе, аднак актуальных дваных па двухбаковым тавараабароце няма. Па выніках 2022 года аб’ём узаемнага гандлю склаў каля 40 млн долараў, 2021-га — 25 млн, 2020-га — 33,6 млн.

Лукашэнка наведваў Зімбабвэ з 30 студзеня па 1 лютага 2023 года. У красавіку таго ж года са шматдзённым візітам у Мінск прыязджала жонка прэзідэнта Зімбабвэ Аксілія Мнангагва.

У ліпені 2024 года яна зноў была ў Беларусі з візітам, на сустрэчы з ёй Лукашэнка заявіў, што чакае візіту ў Мінск прэзідэнта.

Па выніках перамоў 14 траўня 2025 года ў Мінску Лукашэнка і прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва падпісалі дарожную карту стратэгічнай двухбаковай супрацы і партнёрства на 2026–2030 гады. Афрыканскі палітык прыбыў у Мінск пасля ўдзелу ва ўрачыстасцях з нагоды Дня перамогі ў Маскве.

Летась Беларусь двойчы накіроўвала ў Зімбабвэ гуманітарную дапамогу для пераадолення наступстваў засухі.

Падзяліцца: