Мінск 19:18

Беларусь накіроўвае медабсталяванне і будматэрыялы ў пацярпелы ад землятрусаў Таджыкістан

28 траўня, Позірк. Беларусь накіроўвае гуманітарную дапамогу Таджыкістану, які пацярпеў ад землятрусаў. Адпаведную пастанову ўрада падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, паведаміла 28 траўня прэс-служба Савета міністраў.

Адзначаецца, што ў складзе грузу — медыцынскае абсталяванне для аснашчэння ўстаноў аховы здароўя і будматэрыялы.

“Мінбудархітэктуры, Мінпраму, Беллеспаперапраму, Белнафтахіму даручана забяспечыць аддачу і афармленне матэрыяльных каштоўнасцей для аказання гэтай гуманітарнай дапамогі. Мінтранс і МНС адказныя за арганізацыю яе дастаўкі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Серыя землятрусаў у Таджыкістане была зафіксаваная ў сярэдзіне красавіка. 13 красавіка землятрус адбыўся за 160 км на паўночны ўсход ад Душанбэ, прыкладна за 20 км ад Рашцкага раёна. У эпіцэнтры сіла штуршкоў дасягнула 5–6 балаў паводле шкалы Рыхтара, у Рашцкім раёне — 4–5 балаў, у сталіцы — 3 балы. Пасля гэтага ў той жа дзень было зафіксавана яшчэ тры падземныя штуршкі, 14 красавіка — адзін. Стыхійнае бедства разбурыла 94 жылыя дамы ў двух раёнах краіны, загінула дзіця.

Падзяліцца: