Мінск 21:08

Сі Цзіньпін паскардзіўся Лукашэнку на “палітыку цкавання”

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі


4 чэрвеня, Позірк. Беларусь, як і Кітай, “ніколі не падпарадкоўваецца якому-кольвек міжнароднаму гегеманізму, палітыцы цкавання”. Пра гэта, паводле інфармацыі прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, заявіў на сустрэчы з ім у Пекіне 4 чэрвеня старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін.

Лукашэнка, у сваю чаргу, заявіў Сі Цзіньпіну, што той “вельмі правільна адзначыў асноўную асаблівасць цяперашняга часу — беспрэцэдэнтны ціск з боку Захаду на нас, перш за ўсё на Кітайскую Народную Рэспубліку”: “І сёння погляды многіх дзяржаў, як і Беларусі, звернуты да вас — у Пекін”.

Паводле яго сцвярджэння, “яшчэ пяць гадоў таму казалі: “Калі Кітай вытрымае, значыць, планета будзе ўраўнаважана і будзе існаваць”: “Сёння ўжо гавораць: “Кітай вытрымаў, вытрымае і Кітай не дазволіць зламаць сусветны парадак”. У гэтым перакананы многія-многія народы. Кіраўнікі дзяржаў, з якімі я сустракаўся, мне аб гэтым гаварылі”.

Адзначаецца, што кіраўнік КНР “яшчэ раз павіншаваў” Лукашэнку з “перавыбраннем” у студзені гэтага года.

Паміж краінамі ўсё больш “мацнее традыцыйнае сяброўства”, а таксама “ўмацоўваецца непарушны палітычны ўзаемадавер, прасоўваецца супрацоўніцтва практычна ва ўсіх сферах”, сказаў ён.

Паведамляецца, што Сі Цзіньпін запрасіў Лукашэнку на саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў канцы жніўня і парад у Пекіне 3 верасня, з нагоды “перамогі сусветнай антыфашысцкай вайны” (80-годдзя заканчэння Другой сусветнай вайны. — “Позірк”.).

Маючую адбыцца сустрэчу з Сі Цзіньпінам Лукашэнка анансаваў напярэдадні, ужо знаходзячыся ў Пекіне.

“Адно з асноўных пытанняў — гэта машынабудаўнічая галіна і тэхналагічная мадэрнізацыя асобных напрамкаў прамысловасці ў Беларусі, — сказаў ён аб перагаворах, якія мелі адбыцца — Гэта не мне належыць цудоўная ідэя, якая вельмі патрэбна нашай эканоміцы сёння”.

Па выніках сустрэчы прэс-служба Лукашэнкі на гэтую тэму нічога не паведаміла.

Лукашэнка наведвае Кітай 2—4 чэрвеня.

Папярэдні раз ён гэта рабіў у снежні 2023 года.

Падзяліцца: