Вызваленыя палітвязні паведамілі пра жорсткае абыходжанне ў месцах няволі

23 чэрвеня, Позірк. Вызваленыя і фактычна выштурхнутыя напярэдадні з Беларусі палітвязні на прэс-канферэнцыі 22 чэрвеня ў Вільнюсе паведамілі пра жорсткае абыходжанне ў пенітэнцыярных установах краіны.
Бізнесмен Сяргей Шэлег заявіў, што фізічны гвалт да яго не прымяняўся, але “часам умовы ўтрымання можна было кваліфікаваць як катаванне”.
Выкладчыца італьянскай мовы Наталля Дуліна пагадзілася з Шэлегам: “Фізічна ніхто на мяне не ўздзейнічаў, але існуе такі панятак, як жорсткае абыходжанне. Звычайна юрысты кажуць, што маецца розніца паміж катаваннем і жорсткім абыходжаннем. Розніца ў тым, што катаванне — гэта жорсткае абыходжанне для таго, каб дамагчыся таго, каб нехта нешта зрабіў ці, наадварот, не зрабіў, сказаў, не сказаў і гэтак далей. А жорсткае абыходжанне — гэта бязмэтнае — ці з помсты, ці ад нуды, ці таму што так прынята”.
Дуліна прывяла ў прыклад умовы ўтрымання ў штрафным ізалятары. “Гэта маленькая камера, у якой адкідваюцца нары — голыя дошкі, афарбаваныя, якія ад цяпла вашага цела не награваюцца, — патлумачыла яна. — З мяне знялі акуляры, а гэта псіхалагічна вельмі цяжка для чалавека, у якога моцная блізарукасць. Гэта таксама можна кваліфікаваць як жорсткае абыходжанне”.
У ізалятары, звярнула яна ўвагу, вельмі халодна, зняволеных там забяспечваюць адзеннем, якое не адпавядае тэмпературы ўнутры.
“Ты можаш такім чынам спаць? Не, бо халодна. Фактычна парушаюцца базавыя патрэбы чалавека. Гэта парушэнне тэмпературнага рэжыму, парушэнне сну, кармілі ад і да, тут ніякіх пытанняў не было. Усё астатняе — гэта жорсткае абыходжанне”, — канстатавала Дуліна.
“Фізічны гэты гвалт або псіхалагічна, напэўна, недзе гэта вельмі адносная рэч, бо ўзаемаўплыў паміж імі маецца. Фізічны дыскамфорт, вядома, уплывае і на маральны стан”, — дадала яна.
Журналіст Ігар Карней выказаў меркаванне, што “практыка рукапрыкладства” ў апошнія гады “проста абнулілася — дзякуючы папярэднім гучным прыкладам, якія не ўпрыгожваюць пенітэнцыярную сістэму”.
“Але тым не менш прафулік № 10 (схільныя да экстрэмісцкай ды іншай дэструктыўнай дзейнасці) — абсалютна ганебная з’ява, усе прысутныя тут праз яе праходзілі, — сказаў экс-палітвязень. — Ён практычна абмяжоўвае ва ўсіх правах. Калі робяць чалавека “злоснікам” (“злосным парушальнікам”. — “Позірк“.), гэта абсалютная забарона на наведванне спартыўнага гарадка, бібліятэкі, царквы. Фактычна толькі на дзве базавыя (гаворка пра базавыя велічыні, у 2025 годзе гэта 84 рублі. — “Позірк“.) можна атаварвацца ў краме мясцовай. Гэта не фізічны гвалт, але мэтанакіраванае абмежаванне тваіх правоў. <…> Так, фізічнага гвалту няма, але псіхалагічны, маральны прысутнічае і квітнее“.
Відэаблогер Сяргей Ціханоўскі — муж беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай — адзначыў, што яго “рукамі, нагамі ніхто не біў”. Разам з тым ён таксама звярнуў увагу на ўмовы ўтрымання асуджаных з палітычных матываў.
“У Беларусі існуе шэраг рэжымаў — агульны, узмоцнены (амаль тое ж самае, крыху менш магчымасцяў), строгі і асаблівы (там зараз Статкевіч), <…> турэмны строгі, на якім я спачатку знаходзіўся, — нагадаў Ціханоўскі. — А потым я знаходзіўся і, я так разумею, Калеснікава і Бабарыка цяпер знаходзяцца на рэжыме, які называецца “найжорсткі”.
Згодна з далейшым апісаннем блогера, рэжым інкамунікада з’яўляецца часткай гэтых спецыфічных умоў утрымання, якія прадугледжваюць не толькі інфармацыйную блакаду, але і знарочыста прадузятае стаўленне з боку адміністрацыі ўстаноў пенітэнцыярнай сістэмы.
“Гэта калі табе не даюць нават лістоў (2,5 года мне не давалі ніводнага ліста), не даюць рабіць званкі родным, хаця законам гэта прадугледжана, — патлумачыў ён сутнасць “найжорсткага рэжыму”. — Мне за пяць з лішнім гадоў нават паспавядацца не далі, прычасціцца, а ў законе прапісана — кожны месяц. Лісты, званкі, святар, адвакат — нічога няма. <…> Нельга было купіць зубную шчотку, мыла — гадамі. Часам стрыжань з такой цяжкасцю перадавалі”.
“Скаргі, лісты не выпускаюць, сядзіш толькі ў гэтай камеры. Прыборка чатыры разы на дзень — два разы па гадзіне, дзве па паўгадзіны. Калі ты не трэш увесь час — у штрафны ізалятар. Навошта ўвесь час церці, там усё блішчыць. Прыходзяць — па сцяне [рукай кранаюць] тынкоўку: “Белая — не прыбіраў, у штрафны ізалятар”. Гэта кашмар. Гэта што, не катаванні? Маньякі сядзяць у суседніх [камерах] з тэлевізарамі, забойцы, яны ўсё маюць, а мне нельга нават ліст ад родных. Што там, як, я нічога не магу даведацца”, — сказаў Ціханоўскі.
“Як можна такое рабіць? Існуюць жа правы чалавека элементарныя, зняволены ж чалавекам застаецца, калі вы нават лічыце нас злачынцамі. Гэта бесчалавечна, гэта кашмар, гэта трэба спыніць. Трэба людзей гэтых выцягваць”, — дадаў блогер.
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаУ 2025 годзе Белстат павялічыў спажывецкі кошык для вымярэння інфляцыі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 23 чэрвеня — 24 жніўня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка