Беларусь і Індыя маюць намер больш супрацоўнічаць у галіне вайсковай адукацыі

26 чэрвеня, Позірк. Пытанні “паглыблення супрацы”, у тым ліку “ў галіне вайсковай адукацыі” абмеркавалі міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін і яго індыйскі калега Раджнатх Сінгх.
Перамовы адбыліся 26 чэрвеня ў кітайскім Цындао на палях нарады міністраў абароны краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), паведамляе прэс-служба беларускага ваеннага ведамства.
Суразмоўцы сярод іншага ўзгаднілі “пералік мерапрыемстваў на бліжэйшую перспектыву з упорам на практычны складнік”.
Паводле слоў Хрэніна, для Беларусі супраца з Індыяй з’яўляецца “адным з важных кірункаў знешняй палітыкі”. Стасункі паміж краінамі, лічыць ён, развіваюцца “на падставе прынцыпаў узаемнай выгады і павагі”.
“У нашых дзяржаў супадаюць пазіцыі па актуальных пытаннях міжнароднай бяспекі. Беларусь і Індыя салідарныя ў пытанні неабходнасці руху па шляху дыялогу і дыпламатыі для ўрэгулявання існых канфліктаў”, — заявіў чыноўнік.
Апошняе асабліва звяртае на сябе ўвагу ў святле таго, што ШАС ад імя дзяржаў, якія ў яе ўваходзяць, раней асудзіла Ізраіль за ўдары па сваім члене — Іране, а Беларусь і Індыя ў прыватным парадку — не. МЗС Беларусі выказала занепакоенасць канфліктам на Блізкім Усходзе і заклікала бакі да дыялогу, а знешнепалітычнае ведамства Індыі заявіла, што Нью-Дэлі не ўдзельнічаў у абмеркаванні адпаведнай заявы ШАС, і фактычна выключыла краіну са складу падпісантаў гэтага дакумента.
Раджнатх Сінгх на перамовах з Хрэніным “выказаў упэўненасць у паглыбленні двухбаковых стасункаў” і падкрэсліў, што за 33-гадовую гісторыю двухбаковых сувязяў у краін “атрымалася не толькі ўмацаваць, але і дыверсіфікаваць кірункі супрацы”.
У сярэдзіне чэрвеня Міністэрства абароны Беларусі акрэдытавала новага вайсковага аташэ Індыі — брыгаднага генерала Аджая Пундзіра Сінгха (асноўнае месца вайскова-дыпламатычнай службы — Расія).
Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы 4 студзеня 2024 года экс-старшыню канцэрна “Беллеспаперапрам” Міхаіла Касько амбасадарам у Індыі, заявіў, што стасункі паміж краінамі дэградавалі.
Пра “рашучасць вывесці двухбаковы дыялог” з Нью-Дэлі на “ўзровень стратэгічнага партнёрства” Лукашэнка заяўляў 10 чэрвеня таго ж года, калі віншаваў прэм’ер-міністра Індыі Нарэндру Модзі з перамогай на парламенцкіх выбарах.
Палітык неаднаразова запрашаў Модзі і прэзідэнта Індыі Драўпадзі Мурму наведаць Беларусь для абмеркавання двухбаковых стасункаў.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская абмеркавала вызваленне палітвязняў з кіраўніком МЗС Эстоніі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПаказчыкі Нацыянальнага індэкса правоў чалавека застаюцца “стабільна нізкімі” — БХКМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Навіны Германіі