Мінск 00:11

Грамадзянін Беларусі здзейсніў смяротнае ДТЗ у Польшчы, загінула 59-гадовая жанчына

Фота: паліцыя Суленцінскага павета

30 чэрвеня, Позірк. Аб смяротным дарожна-транспартным здарэнні з удзелам 31-гадовага грамадзяніна Беларусі паведамляе польскі партал tvn24.pl.

Адзначаецца, што ДТЗ здарылася 29 чэрвеня ў Суленцынскім павеце (Любушскае ваяводства), кіроўца ў стане алкагольнага ап’янення не справіўся з кіраваннем аўтамабілем “Мазда” і збіў 59-гадовую жанчыну і яе 24-гадовую дачку.

Жанчыны ў момант сутыкнення знаходзіліся ля свайго вясковага дома, старэйшая з іх загінула ад атрыманых траўмаў, гаворыцца ў публікацыі. Яе дачка дастаўленая ў бальніцу на верталёце.

Паведамляецца, што віноўнік аварыі знаходзіцца ў Польшчы на законных падставах.

Мясцовая паліцыя паведамляе, што пасля здзяйснення ДТЗ кіроўца ўцёк з месца здарэння, аднак неўзабаве быў затрыманы.

“Даследаванне паказала, што ў яго арганізме было амаль 1,5 праміле алкаголю. Як толькі ён працверазее, з ім будуць праведзеныя далейшыя дзеянні”, — гаворыцца ў рэлізе.

Удакладняецца, што затрымаць вінаватага аварыі дапамог зварот у паліцыю іншых удзельнікаў дарожнага руху.

“Мужчына і яго жонка ўбачылі аўтамабіль, у якога было разбітае шкло. Гэта выклікала іх цікавасць, і яны неадкладна апавясцілі службы, — адзначылі ў паліцыі. — Яны ўвесь час перадавалі дзяжурнаму інфармацыю пра яго месцазнаходжанне. Гэта супрацоўніцтва прывяло да таго, што ўжо праз некалькі хвілін пасля інцыдэнту 31-гадовы мужчына быў затрыманы раённым патрулём. Гэта адбылося ў той момант, калі кіроўца паспрабаваў пакінуць транспартны сродак і, хутчэй за ўсё, уцячы”.

Грамадзянін Беларусі змешчаны пад варту, іншыя абставіны здарэння высвятляюцца.

Падзяліцца: