Мінск 15:55

Спякотнае надвор’е 3 ліпеня можа прывесці да пажараў у прыродным і тэхнагенным асяроддзі — МНС

Ілюстрацыйнае фота: Sardar Faizan / unsplash.com

3 ліпеня, Позірк. Тэмпература паветра ў Беларусі 3 ліпеня складзе ад 28 да 34 градусаў цяпла, у паўднёва-заходняй частцы краіны месцамі 35 градусаў, паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях са спасылкай на даныя Белгідрамета.

Ападкаў не чакаецца. Прагназуецца заходні і паўднёва-заходні вецер хуткасцю 4–9 метраў на секунду, у заходняй частцы месцамі парывы ​​да 14 м/с.

МНС папярэджвае, што такія ўмовы надвор’я могуць прывесці да парушэння электразабеспячэння; узнікнення прыродных пажараў, а таксама пажараў у жылых і вытворчых будынках; гібелі людзей на вадзе пры купанні; павелічэння колькасці дарожна-транспартных здарэнняў.

Згодна з мапай на сайце МНС, з канца чэрвеня — пачатку ліпеня ў 92 з 118 раёнаў Беларусі забаронена наведваць лясы праз высокую пажарную небяспеку.

Забароны няма толькі ў 6 з 21 раёна Гомельскай вобласці — Буда-Кашалёўскім, Веткаўскім, Гомельскім, Добрушскім, Лоеўскім і Чачэрскім; у 8 з 21 раёна Віцебскай — Браслаўскім, Верхнядзвінскім, Дубровенскім, Лёзненскім, Аршанскім, Расонскім, Сенненскім і Талачынскім; у 12 з 21 раёна Магілёўскай — Горацкім, Дрыбінскім, Клімавіцкім, Касцюковіцкім, Краснапольскім, Крычаўскім, Мсціслаўскім, Слаўгарадскім, Хоцімскім, Чавускім, Чэрыкаўскім і Шклоўскім.

Варта адзначыць, што, згодна з інтэрактыўнай мапай на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі, у тых жа 92 раёнах краіны дзейнічаюць абмежаванні, а не забароны (рашэнні пра абмежаванне, пазначаныя на сайце Мінлясгаса, прынятыя раней, чым рашэнне пра забарону, пра якую паведамляе МНС). Верагодна, ведамства не паспела актуалізаваць даныя.

Падзяліцца: