Мінск 22:52

Украіна ідэнтыфікавала 11 тыпаў кампанентаў беларускай вытворчасці ў расійскім узбраенні

Скрыншот старонкі на партале War&Sanctions / "Позірк"

9 верасня, Позірк. У расійскім узбраенні, якое выкарыстоўваецца ў вайне супраць Украіны, ідэнтыфікавана 11 тыпаў кампанентаў, вырабленых у Беларусі, сведчаць даныя на партале War&Sanctions Галоўнага ўпраўлення выведкі ўкраінскага Міністэрства абароны.

Агулам прааналізавана 176 адзінак узбраення і 5.081 кампанент.

Сярод вырабленых у Беларусі складных частак пераважае прадукцыя прадпрыемства “Інтэграл”. У прыватнасці, былі выяўленыя D-трыгер (у электронна-вылічальнай машыне “Багет-83В” са складу ракеты Х-47 “Кінжал”), двунакіраваны універсальны зрухавы рэгістр (у аўтаматызаванай станцыі пастаноўкі перашкод Р-330 БМВ), а таксама праграмаваны лічбавы датчык тэмпературы, прыёмнік-перадатчык манчэстарскага кода, падвойны прыёмнік-перадатчык манчэстэрскага кода, інтэрфейсны прыёмаперадатчык паслядоўных даных стандарту RS-485, два 4-канальных фармавальніка з трыма станамі і інверсіяй на выхадзе, 8-канальны двухнакіраваны прыёмаперадатчык з трыма станамі на выхадзе (усе — у ракеце Х-69).

Акрамя таго, ідэнтыфікавана прадукцыя канструктарскага бюро “СКБ Захад” (філіял прадпрыемства “Цветатрон”) — два тыпы шматфункцыянальных манітораў для бартавой інфармацыйна-кіруючай сістэмы аўтамабіля, а таксама прадпрыемства “Радыётэхніка” — разетка знешняга запуску рухавіка электраабсталявання (усе — у КамАЗ-63968 “Тайфун-К”).

8 верасня ўпаўнаважаны прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк заявіў, што ў сучасных крылатых ракетах “Іскандэр” (9М727) павялічылася колькасць кампанентаў расійскай і беларускай вытворчасці. У прыватнасці, паводле яго слоў, у даследаванай “свежай” ракеце было знойдзена 5 беларускіх кампанентаў. Што гэта за кампаненты, ён не ўдакладніў.

Прадпрыемства “Інтэграл” у лютым 2025 года трапіла пад санкцыі Еўрасаюза — менавіта за тое, што яго прадукцыя закупляецца расійскімі арганізацыямі, якія ўдзельнічаюць у вайне, “і была знойдзеная на полі бою”.

Падзяліцца: