Мінск 01:47

Рашэнне Польшчы аб закрыцці мяжы накіраванае супраць Кітая — Рыжанкоў

Фота: МЗС

10 верасня, Позірк. “Практычна тры чвэрці грузаў”, якія ідуць на захад праз мяжу Беларусі і Польшчы, маюць “кітайскае паходжанне”, заявіў 10 верасня дзяржСМІ міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў.

“Вось вам адказ, супраць каго накіраванае ў тым ліку гэтае рашэнне [аб закрыцці Польшчай мяжы з Беларуссю]”, — сказаў ён.

“Давайце пагаворым пра нармальныя гандлёва-эканамічныя, лагістычныя, транспартныя адносіны на трэку Еўрасаюз, Кітай, іншыя краіны, якія карыстаюцца нашай мяжой. Вось вам, значыць, чарговы прыклад нядобрасумленнай канкурэнцыі”, — сказаў Рыжанкоў.

Паводле яго сцвярджэння, каля 400 тыс. тон тавараў “на працягу месяца заходзяць чыста на польскі бок”. “Гэта тыя прадукты, якія чакаюць польскія спажыўцы. Гэта тыя тавары, якія ідуць на польскія прадпрыемствы і выкарыстоўваюцца як камплектуючыя для вытворчасці. Гэта тыя тавары, якія рээкспартуюцца Польшчай далей, і краіна атрымлівае ад гэтага выгаду. Вось гэтае рашэнне [прэм’ер-міністра Польшчы Дональда] Туска — яно і супраць яшчэ і польскіх прадпрымальнікаў, людзей. Яно супраць польскай эканомікі”, — сказаў кіраўнік МЗС.

Пры гэтым ён адзначыў, што ў сувязі з санкцыямі доля “чыста беларускіх тавараў” на мяжы з’яўляецца “нікчэмнай”, таму рашэнне Польшчы — гэта “ўдар па Кітаі, па Казахстану, па Расіі, па іншых краінах Азіі — Узбекістане, Японіі, [Паўднёвай] Карэі”, бо гэтыя краіны таксама выкарыстоўваюць беларуска-польскі кірунак для экспарту сваіх тавараў у ЕС.

“І гэта ўдар па таварах заходніх дзяржаў, якія таксама ідуць у тым кірунку, перш за ўсё, гэта такія краіны, як Германія, Італія, Францыя і Нідэрланды”, — дадаў Рыжанкоў.

“Калі Польшча такая разумная і сваім такім рашэннем вырашыла пакараць Беларусь, то насамрэч атрымалася наадварот. Пакаралі яны самі сябе, сваіх партнёраў і досыць моцныя краіны сусветнай палітыкі, з якімі ім давядзецца мець справу далей”, — заявіў міністр.

Рыжанкоў адхіліў здагадкі ў тым, што вучэнні “Захад-2025” уяўляюць пагрозу для Польшчы. Ён адзначыў, што адначасова на польскай тэрыторыі паблізу мяжы з Беларуссю “праходзіць вучэнне, прычым ужо не першае, з агульнай колькасцю ўдзельнікаў у 30–40 тыс. вайскоўцаў, з вялізнымі аб’ёмамі ўзбраенняў, тэхнікі, якая перакідваецца з Германіі і іншых краін Еўрапейскага саюза”. “На мяжы ставяцца міны”, — прывёў аргумент кіраўнік беларускай дыпламатыі.

Напярэдадні прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў, што ў ноч на пятніцу 12 верасня Варшава закрые мяжу з Беларуссю, у тым ліку чыгуначныя пераходы.

Паведамлялася, што рашэнне звязанае з запланаванымі беларуска-расійскімі стратэгічнымі вучэннямі “Захад-2025”, якія пройдуць 12–16 верасня.

МЗС Беларусі ў сувязі з гэтым уручыла ноту часоваму паверанаму ў справах Польшчы Кшыштафу Ажане.

Мяжа Беларусі з Польшчай выкарыстоўваецца Кітаем для транзіту сваіх тавараў у краіны Еўрасаюза. 24 чэрвеня 2024 года тагачасны прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда абмеркаваў у Пекіне з лідарам КНР Сі Цзіньпінам крызіс на беларуска-польскай мяжы. Паводле слоў Дуды, “гібрыдная атака” (так ён назваў спробы масавага пранікнення нелегалаў з трэціх краін з тэрыторыі Беларусі, якія працягваюцца з вясны 2021 года) на мяжы стала перашкодай для рэалізацыі кітайскай ініцыятывы “Пояс і шлях”.

Адносіны Мінска і Варшавы яшчэ больш абвастрыліся пасля затрымання ў Лепелі (Віцебская вобласць) жыхара Кракава Гжэгажа Гавела 1998 года нараджэння (пасля высветлілася, што ён манах-кармеліт). У прапагандысцкім фільме на дзяржТБ (выйшаў 4 верасня) яго абвінавацілі ў зборы сакрэтнай інфармацыі для спецслужбаў сваёй краіны. Польшча паабяцала адрэагаваць на тое, што адбылося.

Падзяліцца: