Мінск 22:19

За інфармацыйнай атакай на Польшчу стаяць спецслужбы Беларусі і Расіі — віцэ-прэм’ер Гаўкоўскі

10 верасня, Позірк. Спецслужбы Беларусі і Расіі “распаўсюджваюць у сацыяльных сетках дэзінфармацыю аб нападзе беспілотнікаў на Польшчу“, заявіў 10 верасня польскі віцэ-прэм’ер, міністр лічбавых тэхналогій Кшыштаф Гаўкоўскі.

З ягоных слоў, якія прыводзіць РАР, атака дронамі была спланаваная і праведзеная Расіяй.

Гаворачы аб інфармацыйнай атацы, Гаўкоўскі адзначыў, што, паводле наяўнай інфармацыі, Польшча “церпіць ад дэзінфармацыйных дзеянняў праз сацыяльныя медыя“.

“Колькасць дэзінфармацыі ў сетцы пастаянна расце. За гэтай арганізаванай акцыяй стаяць Расійская Федэрацыя і службы Беларусі. Гэта павінна спрыяць расійскаму апавяданню пра тое, хто, навошта і як прывёў да таго, што беспілотнікі апынуліся на тэрыторыі Польшчы“, — сказаў чыноўнік.

Ён таксама падкрэсліў, што польскія вайскоўцы “валодаюць поўнай здольнасцю адбіваць атакі”.

Раніцай 10 верасня польскія ўлады паведамілі аб масавым уварванні расійскіх дронаў на тэрыторыю краіны — першым за тры з паловай гады поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны. Паводле інфармацыі ўкраінскіх маніторынгавых каналаў, частка расійскіх дронаў прыляцела ў Польшчу праз Брэсцкую вобласць. Варшава заявіла пра “акт агрэсіі”. Паведамлялася аб адным пашкоджаным жылым будынку. Для нейтралізацыі БПЛА задзейнічаліся сілы як Польшчы, так і іншых краін НАТО.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заявіла, што парушэнне расейскімі беспілотнікамі паветранай прасторы Польшчы — “не выпадковасць, а наўмысная эскалацыя“.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў прылёт расійскіх дронаў у Польшчу “вельмі небяспечным прэцэдэнтам для Еўропы”.

Начальнік Генеральнага штаба — першы намеснік міністра абароны Беларусі Павел Муравейка заявіў, што “па наяўных каналах узаемадзеяння ў перыяд з 23:00 9 верасня да 4:00 10 верасня дзяжурныя сілы і сродкі [Беларусі] абменьваліся інфармацыяй аб паветранай і радыёлакацыйнай абстаноўцы з дзяжурнымі сіламі і сродкамі Польшчы і Літоўскай Рэспублікі”. “Тым самым апавясціўшы іх пра набліжэнне невядомых лятальных апаратаў да тэрыторыі іх краін“, — дадаў прадстаўнік ваеннага ведамства.

Паводле яго сцвярджэння, гэта дазволіла польскаму боку аператыўна адрэагаваць на дзеянні беспілотнікаў, падняўшы ў паветра свае дзяжурныя сілы.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў пра 19 парушэнняў паветранай прасторы. Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі пазней заявіла аб выяўленні сямі БПЛА і “абломкаў адной ракеты невядомага паходжання”, большая частка знойдзена ў Люблінскім ваяводстве.

Падзяліцца: