Мінск 06:07

МЗС Расіі заклікаў Польшчу перагледзець рашэнне аб закрыцці пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю

11 верасня, Позірк. “Задумацца аб наступствах“ сваіх “дэструктыўных крокаў” і перагледзець рашэнне аб закрыцці з 0 гадзін 12 верасня ўсіх пунктаў пропуску на мяжы з Рэспублікай Беларусь, уключаючы аўтамабільныя і чыгуначныя, заклікала Варшаву ўвечары 11 верасня афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава.

Яна адзначыла, што “фармальнай падставай для такой меры пазначана правядзенне вайсковых вучэнняў “Захад-2025″, якія праводзяцца ўзброенымі сіламі Расіі і Беларусі на рэгулярнай аснове пры належным узроўні публічнага асвятлення і запрашэнні да ўдзелу ў назіранні за імі прадстаўнікоў усіх краін АБСЕ, уключаючы Польшчу”.

Пры гэтым, паводле сцвярджэння Захаравай, Варшава “дэманстратыўна праігнаравала прынятыя ў якасці жэсту добрай волі рашэнні аб пераносе манеўраў ад польскіх межаў у цэнтральную частку Беларусі і зніжэнні колькасці задзейнічанага ў іх асабістага складу і ваеннай тэхнікі“.

“Відавочна, што прынятыя польскім кіраўніцтвам канфрантацыйныя крокі падпарадкаваныя адзінай задачы — апраўдаць лінію на далейшую эскалацыю напружанасці ў цэнтры Еўропы“, — гаворыцца ў заяве спікера МЗС РФ.

Ведамства лічыць, што “аднабаковыя дзеянні Польшчы нанясуць сур’ёзны ўрон яе міжнародным партнёрам, якія выкарыстоўваюць польска-беларускую мяжу для таварнага абмену. Пры гэтым ахвярай палітычных амбіцый дзейных уладаў у Варшаве стануць як прадпрымальнікі з саюзных Польшчы краін, так і нацыянальны бізнес“.

“Ясна і тое, што рэстрыкцыі польскага кіраўніцтва падрываюць базавыя гуманітарныя прынцыпы, у першую чаргу свабоду перамяшчэння людзей. Жыхары памежных раёнаў Польшчы і Беларусі пазбаўляюцца магчымасці падтрымліваць традыцыйна блізкія роднасныя сувязі і чалавечыя кантакты“, — заявіла Захарава.

10 верасня міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў, каментуючы рашэнне польскага боку, адзначыў, што “практычна тры чвэрці грузаў“, якія ідуць на захад праз мяжу Беларусі і Польшчы, маюць “кітайскае паходжанне”.

“Вось вам адказ, супраць каго накіравана ў тым ліку гэтае рашэнне [аб закрыцці Польшчай мяжы з Беларуссю]“, — сказаў ён.

“Давайце пагаворым пра нармальныя гандлёва-эканамічныя, Лагістычныя, транспартныя адносіны на трэку Еўрасаюз, Кітай, іншыя краіны, якія карыстаюцца нашай мяжой. Вось вам, значыць, чарговы прыклад нядобрасумленнай канкурэнцыі“, — сказаў Рыжанкоў.

Паводле яго сцвярджэння, каля 400 тыс. тон тавараў “на працягу месяца заходзяць чыста на польскі бок”. “Гэта тыя прадукты, якія чакаюць польскія спажыўцы. Гэта тыя тавары, якія ідуць на польскія прадпрыемствы і выкарыстоўваюцца як камплектуючыя для вытворчасці. Гэта тыя тавары, якія рээкспартуюцца Польшчай далей, і краіна атрымлівае ад гэтага выгаду. Вось гэтае рашэнне [прэм’ер-міністра Польшчы Дональда] Туска — яно і супраць яшчэ і польскіх прадпрымальнікаў, людзей. Яно супраць польскай эканомікі”, — сказаў кіраўнік МЗС.

Пры гэтым ён адзначыў, што ў сувязі з санкцыямі доля “чыста беларускіх тавараў“ на мяжы з’яўляецца “нікчэмнай“, таму пастанова Польшчы — гэта “ўдар па Кітаі, па Казахстану, па Расіі, па іншых краінах Азіі — Узбекістане, Японіі, [Паўднёвай] Карэі“, бо гэтыя краіны таксама выкарыстоўваюць беларуска-польскі кірунак для экспарту сваіх тавараў у ЕС.

“І гэта ўдар па таварах заходніх дзяржаў, якія таксама ідуць у тым кірунку, перш за ўсё, гэта такія краіны, як Германія, Італія, Францыя і Нідэрланды“, — дадаў Рыжанкоў.

“Калі Польшча такая разумная і сваім такім рашэннем вырашыла пакараць Беларусь, то насамрэч атрымалася наадварот. Пакаралі яны самі сябе, сваіх партнёраў і досыць моцныя краіны сусветнай палітыкі, з якімі ім давядзецца мець справу далей“, — заявіў міністр.

Рыжанкоў, як і Захарава, адпрэчыў здагадкі, што вучэнні “Захад-2025“ уяўляюць пагрозу для Польшчы. Ён адзначыў, што адначасова на польскай тэрыторыі паблізу мяжы з Беларуссю “праходзіць вучэнне, прычым ужо не першае, з агульнай колькасцю ўдзельнікаў у 30-40 тыс. вайскоўцаў, з вялізнымі аб’ёмамі ўзбраенняў, тэхнікі, якая перакідваецца з Германіі і іншых краін Еўрапейскага саюза“. “На мяжы ставяцца міны”, — прывёў аргумент кіраўнік беларускай дыпламатыі.

10 верасня міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі па прадстаўленні прэм’ер-міністра Дональда Туска падпісаў распараджэнне аб закрыцці мяжы з Беларуссю. Дакумент пачне дзейнічаць з паўночы 12 верасня.

“Мэта прыпынення памежнага руху на памежных пераходах з Беларуссю — забеспячэнне бяспекі мяжы Польшчы, якая адначасова з’яўляецца замежнай мяжой Еўрапейскага саюза“, — гаварылася ў паведамленні МУС.

“Закрываем мяжу з Беларуссю ў сувязі з пагрозай, якую нясуць манеўры “Захад”. Падначаленыя службы МУС і армія знаходзяцца ў найвышэйшай гатоўнасці. Гэтае рашэнне носіць часовы характар. Прыярытэт для нас-бяспека полек і палякаў. Пераходы адкрыем, калі будзем упэўненыя, што сітуацыя не будзе несці нам ні найменшай пагрозы“, — заявіў Кервіньскі.

Маштабныя вучэнні “Захад-2025″ пройдуць 12-16 верасня. Будзе адпрацавана “планаванне прымяненне” ядзернай зброі і комплексу “Ляшчына”, а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеянні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.

Падзяліцца: