Мінск 20:23

Сайт тэлеканала Euronews прызнаны ў Беларусі “экстрэмісцкім”

Ілюстрацыя: "Вікіпедыя"

5 жніўня, Позірк. Рашэннем суда Горацкага раёна (Магілёўская вобласць) ад 4 жніўня інтэрнэт-сайт тэлеканала Euronews (www.euronews.com) унесены ў “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”, вынікае з актуальных даных на партале Міністэрства інфармацыі.

Euronews — міжнародны тэлеканал навін, створаны ў Еўропе ў 1993 годзе. Яго заснавалі еўрапейскія грамадскія вяшчальнікі як агульнаеўрапейскі аналаг CNN з акцэнтам на навіны Еўропы і міжнародны парадак дня. Штаб-кватэра першапачаткова знаходзілася ў Ліёне (Францыя).

Канал вядомы шматмоўнай мадэллю. Euronews выпускае праграмы на некалькіх мовах, уключаючы англійскую, французскую, нямецкую, рускую, польскую, арабскую і інш. Рэдакцыйная канцэпцыя будуецца вакол “еўрапейскага погляду” на сусветныя падзеі.

Euronews вяшчаў у Беларусі з пачатку 2000-х гадоў да 12 красавіка 2021-га. Была даступная перш за ўсё рускамоўная версія, якую рэтранслявалі кабельныя аператары, у тым ліку дзяржаўны Белтэлекам.

12 красавіка 2021 года Міністэрства інфармацыі выключыла Euronews са спісу замежных СМІ, якім дазволена вяшчанне, рэтрансляцыя была спыненая. Улады патлумачылі рашэнне тым, што тэрмін дазволу скончыўся, а таксама прад’явілі прэтэнзіі да мовы рэкламы (яна выходзіла на англійскай, а не рускай або беларускай). Замест Euronews у сетках з’явіўся расійскі канал “Перамога” з праграмамі пра Другую сусветную вайну.

Акрамя Euronews, у “экстрэмісцкі” спіс Міністэрства інфармацыі ўключаныя сайт “BBC News Руская служба”, “Голас Амерыкі” і іншыя вядомыя замежныя медыя.

Падзяліцца: