ЕАБР: Інфляцыйны ціск у Беларусі застаецца падвышаным

15 верасня, Позірк. Інфляцыя ў Беларусі азпаволілася, але застаецца падвышанай, гаворыцца ў штотыднёвым макрааглядзе Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР).
Спажывецкія цэны ў жніўні 2025 года знізіліся на 0,3%, у параўнанні са снежнем 2024 года выраслі на 5,3%, у гадавым вымярэнні (да жніўня 2024 года) павялічыліся на 7,2%.
“Ключавым фактарам” запаволення аналітыкі банка назвалі “зніжэнне тэмпаў росту цэн на харчовыя тавары” — з 10,6% у ліпені (тут і далей у гадавым вымярэнні) да 9,9% у жніўні.
У аглядзе гаворыцца, што гэта адбылося праз “тармажэнне інфляцыі на сезонную гародніну і садавіну” (6,6% пасля 14,5% адпаведна).
“Разам з тым інфляцыйны ціск застаецца падвышаным, пра што сведчыць дынаміка ўстойлівага кампанента росту цэн: базавая інфляцыя павялічылася да 7,7% ў жніўні (з 7,6% ў ліпені)”, — адзначылі эксперты.
ЕАБР пацвердзіў свой прагноз па інфляцыі ў 2025 годзе — 7,7%.
Нягледзячы на тое, што “ад сярэднетэрміновай мэты — інфляцыі ў 5%” — улады не адмаўляюцца, сёлета, хутчэй за ўсё, “яна будзе крыху вышэй за гэты таргет”, заявіў кіраўнік Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка ў інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1”, якое выйшла ў эфір 14 верасня.
“Не будзе ў нас цалкам магчымасці ўкласціся ў 5%, — падкрэсліў ён. — Але, яшчэ раз, гэта будзе залежаць ад існай сітуацыі на міжнародных рынках, імпартных цэн”.
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю пастановай № 4 ад 27 студзеня вызначыла паказчыкі штомесячнага (з нарастаннем) дапушчальнага павелічэння цэн: у студзені цэны не павінны былі вырасці больш як на 0,7% (па факце — +0,7%), па выніках студзеня — лютага — на 1,9% (+2%) студзеня — красавіка — на 2,7% (+3,8%), студзеня — траўня — на 3% (+4,5%), студзеня — чэрвеня — 3,3% (+5,4%), студзеня — ліпеня — 3,4% (+5,6%), студзеня — жніўня — 3,4% (+5,3%).
Далей: студзеня — верасня — 3,7%, студзеня — кастрычніка — 4,1%, студзеня — лістапада — 4,4%, студзеня — снежня — 5% (гэты ўзровень зацверджаны Аляксандрам Лукашэнкам на 2025 год).
Тэндэнцыю інфляцыі, якая ўсё расце, “неабходна пераламаць”, заявіў Лукашэнка 9 верасня ў Мінску на нарадзе з апаратам Нацыянальнага банка і кіраўніцтвам банкаў.
На яго думку, “роля Нацбанка ў гэтым працэсе наогул пакуль слаба прасочваецца”.
“Нізкая інфляцыя патрэбная нашым прадпрыемствам для планавання доўгатэрміновых інвестыцый, — падкрэсліў Лукашэнка. — А людзям — для таго, каб не падала іх пакупніцкая здольнасць і не абясцэньваліся даходы і ашчаджэнні”.
Кажучы пра асноўныя задачы для банкаўска-фінансавай сістэмы, ён заявіў, што важна “забяспечыць фінансавую стабільнасць”.
Эканоміка Беларусі пры адсутнасці моцных знешніх шокаў “працягне функцыянаваць у стане перагрэтага залішняга ўнутранага попыту”, вынікала з агляду манетарнага асяроддзя за другі квартал 2025 года, прадстаўленага даследчым цэнтрам BEROC.
На думку экспертаў, “гэта будзе суправаджацца высокай [гадавы] інфляцыяй”, якая “можа наблізіцца да верхняй мяжы дыяпазону 7–9% да канца гэтага года”.
Старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Анатоль Харытончык на брыфінгу 25 чэрвеня зазначыў, што інфляцыя ў Беларусі “пачынае тэставаць гранічныя ўзроўні, якія ўлады краіны гатовыя дазволіць для кароткатэрміновага стымулявання росту ВУП праз залішне мяккую эканамічную палітыку — 7–9% у гадавым вылічэнні па выніках 2025 года”.
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 15 верасня — 15 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаУ жніўні без уліку сезонных тавараў найбольш падаражэлі квіткі на прыгарадныя электрычкі, абутак для дзяўчынак і какава-парашок (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- ПалітыкаЦіханоўская: Прынцыповасць Статкевіча дае нам усім прыкладМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства