Мінск 17:35

Беларускія ўлады высылаюць чэшскага дыпламата (абноўлена)

Фота: Фота: tochka.by

19 верасня, Позірк. Адзін з дыпламатычных супрацоўнікаў амбасады Чэхіі ў Мінску абвешчаны персонай нон грата, паведамляе набліжаны да знешнепалітычнага ведамства Беларусі тэлеграм-канал “Глас МИДа”.

Дыпламат “павінен пакінуць краіну цягам 72 гадзін”.

Нагодай стала заява МЗС Чэхіі ад 8 верасня, у якой паведамлялася пра высылку беларускага дыпламата, які, як сцвярджаецца, працаваў на спецслужбы.

“Мы не будзем цярпець злоўжывання дыпламатычным прыкрыццём у мэтах шпіянажу”, — падкрэсліла чэшскае знешнепалітычнае ведамства.

“Гэты выпадак паказвае, што мы не павінны дапускаць злоўжыванняў Шэнгенскай дамовай у варожых мэтах. Агенты, якія карыстаюцца дыпламатычнымі прывілеямі, не павінны мець поўную свабоду дзейнічаць па ўсёй Еўропе. Я працягну дамагацца ўвядзення адпаведных абмежаванняў на еўрапейскім узроўні, у першую чаргу ў дачыненні да расійскіх дыпламатаў”, — заявіў міністр замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі.

Пра раскрыццё шпіёнскай сеткі Мінска ў выніку супольнай працы са спецслужбамі Венгрыі і Румыніі 8 верасня паведаміла Служба бяспекі і інфармацыі (контрвыведка) Чэхіі.

Як адзначыў 19 верасня беларускі МЗС, Мінск “лічыць на гэтым дыпламатычны інцыдэнт вычарпаным”, аднак у выпадку далейшай эскалацыі “будзе рэагаваць адэкватна”.

Абнаўленне.

У афіцыйнай заяве МЗС Беларусі ўказваецца, што выканаўцу абавязкаў кіраўніка дыпламатычнай місіі Чэхіі ў Беларусі Томашу Крылы “было заяўлена аб абвяшчэнні персонай нон грата чэшскага дыпламата (дарадцы)”.

“Хацелі б дадаткова акцэнтаваць, што да сітуацыі, якая склалася, прывяло гадамі культываванае прадузятае стаўленне да Беларусі ўладаў Чэхіі, — адзначаецца ў заяве ведамства. — Мы вымушаны адказаць у адпаведнасці з існуючай дыпламатычнай практыкай, у тым ліку і ў кантэксце ўведзеных раней у дачыненні да амбасады Беларусі ў Чэхіі абмежаванняў”.

Таксама паведамляецца, што ў МЗС быў выкліканы часовы павераны ў справах Польшчы Войцах Філімановіч, з якім “адбылася грунтоўная размова на тэму цяперашняга стану беларуска-польскіх стасункаў”.

“Падрабязнасці гэтай размовы паведамім пазней. Беларуская бок лічыць гэты дыпламатычны інцыдэнт вычарпаным. У выпадку далейшай эскалацыі Беларусь будзе рэагаваць адэкватна. Гэтая пазіцыя даведзена да ведама Варшавы і Прагі”, — гаворыцца ў рэлізе.

Падзяліцца: