МАРГ прапануе дазволіць працаваць толькі інтэрнет-пляцоўкам, дададзеным у Гандлёвы рэестр
19 верасня, Позірк. Даць права ўладальнікам інтэрнет-пляцовак надаваць паслугі ў Беларусі толькі пасля ўуключэння звестак пра іх у Гандлёвы рэестр прапануе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) у абгрунтаванні неабходнасці выдання ўказа “Аб удасканаленні рэгулявання спажывецкага рынку”.
Праект дакумента ўраўноўвае ўмовы ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці для айчынных і замежных інтэрнет-крам і інтэрнет-пляцовак, для анлайн-гандлю і традыцыйнай розніцы, а таксама накіраваны на павышэнне якасці паслуг, заяўляе МАРГ.
Прапануецца дазволіць уладальнікам замежных інтэрнет-пляцовак працаваць у Беларусі толькі пры стварэнні ў краіне юрыдычнай асобы. Усе інтэрнет-пляцоўкі павінны будуць выконваць абавязкі прадаўца-нерэзідэнта згодна з заканадаўствам аб абароне правоў спажыўцоў.
Уладальнікаў інтэрнет-пляцовак абавяжуць распрацоўваць, зацвярджаць і ўзгадняць з адпаведнымі ўпаўнаважанымі органамі пералік тавараў, абавязковых для рэалізацыі праз інтэрнет-краму.
У інтэрнэт-крамах можна будзе рэкламаваць алкаголь, тытунёвыя і нетытунёвыя нікацінаўтрымліваючыя вырабы і інш.
МАРГ зможа прымаць рашэнні аб блакіроўцы доступу да інтэрнэт-пляцовак пры невыкананні патрабаванняў, прадугледжаных у праекце ўказа.
Паводле даных Гандлёвага рэестра, з 2020-га да 2024 года колькасць інтэрнет-крам павялічылася ў 2,6 раза (на 8.438) і на 1 студзеня 2025 года складала 30.990.
Рознічны гандаль праз інтэрнет-крамы ажыццяўляюць 19.349 суб’ектаў гаспадарання, з якіх 9.298 (48,1%) — юрыдычныя асобы, 10.051 (51,9%) — індывідуальныя прадпрымальнікі.
Паводле Белстата, у 2024 годзе доля продажу тавараў айчыннай вытворчасці ў рознічным тавараабароце арганізацый гандлю склала 56,4% (на 3,1 п.п. ніжэй, чым у 2023 годзе, і на 4,6 п.п. ніжэй, чым у 2019-м).
У Беларусі функцыянуюць такія інтэрнет-пляцоўкі, як Emall, Onliner, Deal, Wildberries, Оzon, AliExpress.
МАРГ падкрэслівае, што “агрэсіўная палітыка” буйных інтэрнет-пляцовак і крам па павелічэнні ўвозу тавараў з-за мяжы “аказвае істотны ўплыў не толькі на працу айчынных вытворцаў, ствараючы ім канкурэнцыю, але і на стацыянарны гандаль, у тым ліку крамы крокавай даступнасці”.
Замежныя анлайн-пляцоўкі сталі галоўным каналам таннага імпарту, а айчынныя прадаўцы сутыкаюцца з абмежаваннямі доступу на гэтыя пляцоўкі і цяжкасцямі пры вырашэнні спрэчных сітуацый, падкрэслівае МАРГ.
Аб распрацоўцы праекта ўказа, які зраўняе патрабаванні да маркетплейсаў і інтэрнет-крам, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Мінску 23 ліпеня начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання МАРГ Наталля Мельнікава.
“Мы б хацелі, каб спажыўцу, які набывае тавар праз маркетплейс, было больш зразумела, якія ў яго правы, як ён можа іх абараніць, як можа вярнуць свой тавар, хто павінен адказаць на яго зварот. Гэты праект указа прадугледжвае такія пытанні”, — сказала прадстаўнік ведамства.
У МАРГ неаднаразова ўзнікалі прэтэнзіі да працы маркетплейсаў (анлайн-платформ у сферы гандлю, якія надаюць інфармацыю аб таварах трэціх асоб і магчымасць набыцця гэтых тавараў).
22 жніўня паведамлялася аб неадпаведнасці патрабаванням заканадаўства пры рэалізацыі прадуктаў харчавання на інтэрнет-пляцоўцы OZON (РФ).
У чэрвені ведамства “накіравала рэкамендацыі” ўладальнікам інтэрнет-пляцоўкі OZON аб выключэнні з продажу “забароненай прадукцыі з выкарыстаннем сеткі інтэрнэт”.
У ліпені на расійскай інтэрнет-пляцоўцы Wildberries МАРГ выявіў розныя тавары (вокладкі да пашпартоў і налепкі), якія змяшчаюць інфармацыю, якая мае прыкметы “экстрэмісцкай сімволікі і атрыбутыкі”.
У лютым міністэрства накіравала Wilberries патрабаванне спыніць рэалізацыю забароненых тавараў (парфумерыя, касметыка і інш.), “вырабленых у краінах, якія ўвялі санкцыі і праводзяць недружалюбную палітыку ў дачыненні да Беларусі”.

- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 19 верасня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗа мінулыя суткі суседнія краіны ЕС зафіксавалі найменшую за апошнія тры месяцы колькасць спроб нелегальнай міграцыі з Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства