Мінск 14:25

АПК Беларусі трымаецца на “страху“ прыпісках і эксплуатацыі людзей”, заяўляе BelPol

Ілюстрацыйнае фота: krugloe.by / Юлія Ходас

14 траўня, Позірк. “У існуючых умовах стабільнасць” у аграпрамысловым комплексе Беларусі трымаецца на “страху, прыпісках і эксплуатацыі людзей”, заявіла аб’яднанне BelPol на аснове атрыманых у сваё распараджэнне дакументаў.

Дакументацыя датычыцца дзейнасці летась камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама.

Аб’яднанне звяртае ўвагу на шматлікія парушэнні ў АПК вобласці правілаў бяспекі, якія прывялі да траўмаў рабочых.

“Аграпрамысловы комплекс ператварыўся ў палігон для выпрабавання чалавечай вынослівасці ва ўмовах кіраўнічага хаосу. Адным з самых рэзанансных аспектаў справаздач стала гатоўнасць кіраўнікоў сярэдняга звяна ісці на злачынства дзеля выканання імгненных задач”, — адзначылі ў BelPol.

Прыводзяцца выпадкі гібелі людзей на працоўных месцах: у Кобрынскім раёне (ААТ “Навасёлкаўскі”, ААТ “Гарадзец-Агра”), Іванаўскім (ААТ “Снітава-Агра”), Пружанскім (ААТ “Ружаны-Агра”), Драгічынскім (ААТ “Ліпніцкі”) і інш.

Зафіксаваныя таксама выпадкі гібелі “старонніх людзей”, адзначаецца ў публікацыі. У прыватнасці, кіроўца ААТ “Кобрынскі МСЗ” на аўтамабілі МАЗ пераехаў пешахода ў “сляпой зоне”, трактарыст ААТ “Белавежскі” не саступіў дарогу матацыклісту, што прывяло да смерці 25-гадовага мужчыны.

“Пакуль чыноўнікі атрымліваюць толькі вымовы, шараговыя супрацоўнікі расплачваюцца здароўем і жыццямі за права рэжыму маляваць прыгожыя лічбы”, — заяўляе BelPol.

Колькасць работнікаў, якія загінулі на вытворчасці, за 10 гадоў павялічылася на 11,1% (з 72 за 2015-ы да 80 за 2025 гады), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У Мінскай вобласці яна вырасла ў 2,6 раза (з 8 да 21), у Гродзенскай — на 20% (з 10 да 12); У Брэсцкай і Віцебскай — не змянілася (11 і 8 адпаведна); у Гомельскай — зменшылася на 23,1% (з 13 да 10), у Мінску — на 20% (з 10 да 8), Магілёўскай вобласці — на 16,7% (з 12 да 10).

Паводле праведзенага “Позіркам” аналізу даных МНС, у 2025 годзе на пажарах пацярпела або было знішчана па меншай меры 53 адзінкі тэхнікі. Гэта на 27,4% менш, чым за 2024 год (мінімум 73).

За пяць гадоў у Беларусі істотна зменшылася колькасць асноўных відаў тэхнікі, машын і абсталявання ў сельскагаспадарчых арганізацыях, паказаў праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Падзяліцца: