Мінск 12:48

Кіраўнік праўладнага БРСМ Лук’янаў стаў галоўным ідэолагам Мінска

Архіўнае відэа: ютуб-канал BRSMby 2.0 / стоп-кадр: "Позірк"

22 верасня, Позірк. Начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Мінгарвыканкама прызначаны Аляксандр Лук’янаў, які раней займаў пасаду першага сакратара цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (БРСМ), паведамляе прэс-служба сталічнай адміністрацыі.

Адзначаецца таксама, што новым кіраўніком упраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама стаў Сяргей Шакель (раней — начальнік аддзела жыллёвай палітыкі адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска); дырэктарам прадпрыемства “Фаўна горада” — Анастасія Вараб’ёва (да гэтага была намеснікам гендырэктара па добраўпарадкаванні, санітарным змесце жыллёвага фонду ДА “Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка”).

Лук’янаў скончыў Камандна-інжынерны інстытут Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (каля 10 гадоў працаваў у структурах МНС) і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. З 2021 года быў на найвышэйшай пасадзе ў БРСМ — арганізацыі, што заклікана праводзіць ідэалагічную палітыку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі сярод моладзі і кантраляваць моладзевы асяродак; дапамагае ўладам арганізоўваць мерапрыемствы, якія яны называюць “выбарамі”. 37-гадовы функцыянер з’яўляецца членам Савета Рэспублікі.

Папярэдніца Лук’янава на пасадзе галоўнага ідэолага Мінска Вольга Чамаданава (у мінулым сярод іншага была прэс-сакратаром МУС) сёлета напрыканцы чэрвеня ўзначаліла праўладную партыю “Белая Русь”.

Падзяліцца: