Мінск 21:34

Кіраўнік МУСіА Польшчы: Рашэнне адкрыць мяжу з Беларуссю прынята пасля дэталёвага аналізу інфармацыі спецслужб

23 верасня, Позірк. Рашэнне адкрыць мяжу з Беларуссю прынята Варшавай пасля “дэталёвага аналізу інфармацыі, атрыманай ад спецслужбаў”, заявіў 23 верасня міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі.

Як паведамляе прэс-служба ведамства, Кервіньскі падпісаў распараджэнне аб адкрыцці мяжы.

Паводле слоў кіраўніка МУСіА, у сувязі з завяршэннем вучэнняў “Захад-2025” “знізілася пагроза, звязаная з агрэсіўнай пазіцыяй усходніх суседзяў Польшчы — Беларусі і Расіі”.

Раней прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў, што мяжа з Беларуссю будзе адкрыта апоўначы 25 верасня (1:00 па беларускім часе), аднак падкрэсліў, што ў выпадку неабходнасці — калі “ўзмоцніцца напружанасць або агрэсіўныя паводзіны некаторых суседзяў” — урад “не будзе вагацца” і закрые мяжу зноў.

Польшча закрыла ўсе кантрольна-прапускныя пункты на мяжы з Беларуссю, уключаючы адзіны КПП Цярэспаль (Брэст), які выкарыстоўваўся для пропуску легкавых аўтамабіляў, 12 верасня — у першы дзень беларуска-расійскіх стратэгічных вучэнняў “Захад-2025”, якія і паслужылі нагодай для такога рашэння.

У апошні дзень манеўраў, 16 верасня, стала вядома, што Варшава пасля заканчэння вучэнняў не адкрыла мяжу.

Польскія ўлады паведамілі, што рашэнне аб закрыцці мяжы “дзейнічае да далейшага апавяшчэння і прадыктавана клопатам пра бяспеку грамадзян Польшчы”.

21 верасня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што расійскія вайскоўцы, якія прымалі ўдзел у сумесных стратэгічных вучэннях “Захад-2025”, пакінулі тэрыторыю Беларусі.

Падзяліцца: