Мінск 22:09

Пачобут пачуваецца добра, атрымлівае лекі — кіраўніца СПБ Борыс пасля сустрэчы з журналістам у калоніі

Фота: sb.by

23 верасня, Позірк. Палітвязень, адзін з актывістаў польскай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут “пачуваецца добра псіхалагічна, атрымлівае лекі”, паведаміла на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” кіраўніца неафіцыйнага Саюза палякаў (СПБ) Анжаліка Борыс.

Да такой высновы яна прыйшла пасля сустрэчы з Пачобутам у калоніі №1 горада Наваполацка (Віцебская вобласць).

Паводле слоў Борыс, сустрэча стала магчымай пасля звароту да Аляксандра Лукашэнкі.

“Анджэй сардэчна вітае ўсіх знаёмых і незнаёмых <…>, дзякуе ўсім за памяць, сказаў, што бог кожнаму вызначыць ягоны шлях. Дзякуй за тое, што памятаеце пра яго. Ён таксама перадаў, што Саюз палякаў у Беларусі не імкнецца да канфрантацыі, а толькі да захавання і клопату пра польскую самасвядомасць. Я перадала Анджэю, што не было ніводнага дня, каб мы ў Саюзе палякаў і не толькі не маліліся за яго!!! Зараз я еду з Наваполацка ў Гродна”, — напісала кіраўніца СПБ.

17 верасня на сустрэчы з “ідэалагічным актывам, гістарычнай і экспертнай супольнасцю”, прысвечанай “дню народнага адзінства”, Лукашэнка даў зразумець, што пытанне пра вызваленне Пачобута разглядалася, але было знята.

“Так, мы будзем вызваляць гэтых людзей (палітвязняў. — “Позірк”.) паступова, спакойна. Першае. Калі [старшыня Белтэлерадыёкампаніі] Іван Міхайлавіч [Эйсмант] са сваімі ў камісіі прыме такое рашэнне. Вы бачыце, што я ўвесь час… Нават [калі] я магу прыняць рашэнне [пра памілаванне] — ідзіце ў камісію, вы іх лепш ведаеце. А раптам [Андрэй] Мукавозчык (прапагандыст газеты адміністрацыі Лукашэнкі “СБ. Беларусь сёння”. — “Позірк”.) убачыць, што там гэта сволач сволаччу. І ён жа пра гэта скажа. Ну, мы адступім і скажам не, як па гэтым Пачобуту ці іншым”, — заявіў Лукашэнка.

8 лютага 2023 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыў журналіста і актывіста неафіцыйнага Саюза палякаў Пачобута да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) Крымінальнага кодэкса.

Пасля рашэння суда, 10 лютага 2023 года, Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных тады для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

11 верасня, пасля прымусовага вывазу ў Літву больш за 50 зняволеных у межах угоды паміж Вашынгтонам і Мінскам, прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што пытанне вызвалення Пачобута застаецца прыярытэтам для Варшавы. “[Пачобут] з’яўляецца першым у спісе нашых чаканняў”, — сказаў ён. Туск не выключыў, што “гэта прычына, па якой яны не хочуць яго вызваляць”.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Пачобут адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні і прыняць выезд з Беларусі як умову датэрміновага вызвалення. Борыс у жніўні 2024 года сцвярджала, што журналіст згадзіўся пакінуць Беларусь у выпадку вызвалення.

Падзяліцца: