Мінск 19:27

Беларусь рыхтуецца да скасавання візавага рэжыму з Філіпінамі, “візавага рэгулявання” з Тога

Рыжанкоў і Лазара
Фота: прэс-служба МЗС

27 верасня, Позірк. Падрыхтоўку пагаднення аб скасаванні візавага рэжыму і працу над праектам пагаднення аб авіязносінах абмеркавалі 26 верасня на палях Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў і яго філіпінская калега Тэрэза Лазара, паведамляе прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Чакаецца, што падпісанне гэтых дакументаў дазволіць “павялічыць пасажыра- і грузапатокі паміж дзяржавамі”.

“Беларусь выступіла з прапановай заснаваць міжурадавую камісію па гандлёва-эканамічнай супрацы, адзначыўшы гатоўнасць да пашырэння ўзаемадзеяння ў сферы гандлю, інвестыцый і турызму”, — адзначае МЗС.

На сустрэчы Рыжанкова з міністрам замежных спраў Тога Рабэрам Дзюсеем, як сцвярджаецца, была пацверджаная гатоўнасць да “падпісання ў найбліжэйшы час пагадненняў у галіне візавага рэгулявання, супрацы па лініі гандлёва-прамысловых палат і заснавання інстытутаў для развіцця гандлёва-эканамічнай супрацы”. Суразмоўцы таксама выказалі “ўзаемную зацікаўленасць” у тым, каб актывізаваць “палітычны дыялог і практычную супрацу ў розных сферах”. Беларусь, як заявіў Рыжанкоў, гатовая дзяліцца з Тога “досведам і экспертызай” у галіне механізацыі сельскай гаспадаркі і ўкаранення сучасных тэхналогій.

З намеснікам міністра замежных спраў Паўночнай Карэі Кім Сон Гёнам беларускі міністр “абмяняўся ацэнкамі” па “ключавых рэгіянальных і глабальных працэсах”. Бакі разгледзелі пытанні “двухбаковага ўзаемадзеяння і супрацы ў міжнародных арганізацыях”, пазітыўна адзначылі “падтрыманне рэгулярнага кантакту” паміж сваімі ведамствамі і абмеркавалі “графік сумесных мерапрыемстваў”.

На сустрэчы Рыжанкова з кіраўніком МЗС Сінгапура Вівіянам Балакрышнанам была адзначаная “важнасць умацавання палітычнага дыялогу”, бакі “выказалі гатоўнасць да правядзення палітычных кансультацый паміж МЗС для актуалізацыі двухбаковага парадку дня”.

“Асобная ўвага нададзеная развіццю гандлёва-эканамічных сувязей. Міністр адзначыў гатоўнасць Беларусі да пашырэння паставак на рынак Сінгапура прадукцыі айчыннага харчовага комплексу. У сувязі з гэтым беларускі бок выказаў спадзеў на завяршэнне сінгапурскім Агенцтвам па харчаванні працэдуры акрэдытацыі беларускіх вытворцаў птушкі”, — паведамляе МЗС Беларусі.

Падрыхтоўка “першага ў гісторыі афіцыйнага візіту” ў Беларусь прэзідэнта Батсваны Думы Гідэона Бока абмяркоўвалася на сустрэчы Рыжанкова з Феніа Бутале — міністрам міжнародных спраў згаданай краіны ў Паўднёвай Афрыцы.

“Бакі разгледзелі магчымасць стварэння сумеснага камітэта па эканамічнай супрацы з працоўнымі групамі па гандлі, сельскай гаспадарцы і прамысловасці, развіцці ўзаемадзеяння нацыянальных эканамічных агенцтваў і бізнес-супольнасцей дзвюх краін, — адзначае МЗС. — Асаблівая ўвага нададзеная перспектывам умацавання партнёрства ў сельскай гаспадарцы, гарантаванні харчовай бяспекі, горназдабыўной галіне, адукацыі і тэхнічнай падтрымцы”.

На сустрэчы Рыжанкова з суміністрам замежных спраў Нікарагуа Дзянісам Манкадай “асаблівая ўвага” была нададзеная “рэалізацыі сумесных праектаў у машынабудаванні”. Бакі, як сцвярджаецца, абмеркавалі “перспектыўныя напрамкі пашырэння ўзаемных паставак”, дамовіліся працягнуць “сістэмную працу” ў рамках сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы (чарговае пасяджэнне пройдзе ў Мінску ў 2026 годзе).

Беларусь і Філіпіны дамовіліся аб адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў

28 кастрычніка, Позірк. "Першы раўнд палітычных кансультацый" на ўзроўні знешнепалітычных ведамстваў правялі 28 кастрычніка ў Маніле першы намеснік кіраўніка МЗС Беларусі Сяргей Лукашэвіч і намеснік сакратара замежных спраў Філіпін Тэрэза Лазара. Прэс-служба беларускага ведамства паведамляе, што бакі "абмеркавалі стан і …
Падзяліцца: