Мінск 20:40

Пасля канцэрту Каржа з ​​Польшчы дэпартавалі двое беларусаў, яшчэ двое выехалі самастойна

1 кастрычніка, Позірк. З 63 затрыманых пасля варшаўскага канцэрту беларускага рэпера Макса Каржа замежнікаў з Польшчы былі дэпартаваныя двое беларусаў, яшчэ двое выехалі самастойна, паведамляе агенцтва РАР.

Усяго было дэпартавана 14 чалавек, 12 з іх — грамадзяне Украіны.

Пагранічная служба пачала таксама працэдуру вяртання на радзіму трох іншаземцаў (двух грамадзян Украіны і аднаго грамадзяніна Беларусі), 33 іншаземцы (32 грамадзяніны Украіны і 1 грамадзянін Беларусі) дабаўлены ў спіс непажаданых на тэрыторыі Польшчы іншаземцаў і ў Шэнгенскую інфармацыйную сістэму (SIS) для далейшай адмовы ва ўездзе.

Таксама з Польшчы будзе дэпартаваны 40-гадовы беларус, які быў затрыманы ў горадзе Паб’яніцы (Лодзінскае ваяводства) за бяспраўную язду і нелегальнае знаходжанне ў краіне. Аб гэтым паведаміла напярэдадні мясцовая паліцыя.

Раней паведамлялася, што на канцэрце Каржа на Нацыянальным стадыёне ў польскай сталіцы 9 жніўня было затрымана больш за 100 чалавек “за шматлікія правапарушэнні і злачынствы, уключаючы захоўванне наркотыкаў, парушэнне асабістай недатыкальнасці супрацоўнікаў службы бяспекі, захоўванне і пранос піратэхнікі, а таксама незаконнае пранікненне на тэрыторыю”. Паліцыя аштрафавала 50 чалавек на агульную суму каля 11.500 злотых (больш за 3 тыс. долараў).

11 жніўня Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы выступіла з пагрозай дэпартацыі на адрас фігурантаў-замежнікаў.

36-гадовы Макс Корж — аўтар і выканаўца ў стылі хіп-хоп, адзін з найбольш папулярных беларускіх артыстаў.

Пакінуў краіну ў кастрычніку 2024 года пасля таго, як яго выклікалі ў міліцыю для “гутаркі”. Выступае за мяжой, дзе перыядычна збірае масавыя канцэрты.

На тое, што адбылося, артыст адрэагаваў толькі 17 жніўня, напісаўшы ў сацсетках: “Сябры, няма месца радыкальнаму нацыяналізму на канцэртах, гэтак жа як агрэсіі і насіллю з любога боку. Гэта супярэчыць самой сутнасці канцэртаў”.

Пры гэтым выканаўца не згадаў затрыманні падчас яго канцэрта і лёсе фігурантаў.

Падзяліцца: