Мінск 16:40

Беларуская мытня абвінаваціла калег з Польшчы, Літвы і Латвіі ў павольным афармленні грузавікоў на мяжы

Пункт пропуску Казловічы
Фота: ДМК

5 кастрычніка, Позірк. Кантралюючыя службы Польшчы, Літвы і Латвіі занадта павольна афармляюць грузавыя аўтамабілі, якія ўязджаюць з Беларусі, вынікае з паведамлення Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК).

“На тысячу павялічылася за тыдзень чарга грузавікоў, якія выязджаюць з Беларусі ў Польшчу, а кантралюючыя службы з польскага пункта пропуску Кукурыкі працягваюць працаваць на 25–40% ад міжнародных дамоўленасцяў”, — заяўляе ведамства.

Адзначаецца, што колькасць зарэгістраваных у пункце пропуску Казловічы (з сумежнага боку боку Кукурыкі) грузавікоў на выезд у Польшчу перавысіла 2.500.

“За апошнія суткі польскі бок прыняў 458 аўто з магчымых 1.200. У некаторыя суткі на тыдні гэтая лічба была не большая за 350, а ў асобныя гадзіны палякі і зусім спынялі афармленне транспартных сродкаў, якія прыбываюць з Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні.

ДМК паведамляе, што чарга фур на выезд у Літву і Латвію “ў некалькі разоў ніжэйшая, разам з тым сумежныя краіны таксама працуюць на мінімуме наяўных магчымасцяў”.

“З беларускіх пунктаў пропуску Каменны Лог (Мядзінікай) і Беняконі (Шальчынінкай) літоўцы за апошнія суткі прынялі толькі 20% грузавікоў. Латвійцы і зусім [у пункце пропуску Грыгараўшчына (Патэрніеке)] афармлялі ў гадзіну па 1–2 транспартныя сродкі, якія выязджаюць з Беларусі”, — падкрэслівае мытня.

“Датычна ўезду ў нашу краіну, сумежныя краіны падаюць грузавікі трохі больш актыўна. Прыбываючыя транспартныя сродкі афармляюцца беларускім бокам своечасова”, — сцвярджае ДМК.

Згодна з аператыўнымі звесткамі Дзяржаўнага памежнага камітэта, на 12:00 5 кастрычніка ў пункце пропуску Казловічы выезду з Беларусі чакала 2.585 грузавых аўтамабіляў (суткамі раней 2.350), у Каменным Логу — 640 (620), Беняконях — 560 (590), Грыгараўшчыне — 750 (740).

На 12:00 5 кастрычніка ў пункце пропуску Брэст (Цярэспаль) выезду ў Польшчу чакала 132 легкавыя аўтамабілі і 20 аўтобусаў (суткамі раней адпаведна 294 і 13), у Каменным Логу, Беняконях і Грыгараўшчыне чэргаў не было (суткамі раней аналагічна).

Пра аднаўленне з 24 верасня працы пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю (акрамя трох, што закрытыя ў рамках санкцый супраць беларускага рэжыму) абвясціў 23 верасня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў выпадку неабходнасці — калі “ўзмоцніцца напружанасць або агрэсіўныя паводзіны некаторых суседзяў” — урад “не будзе вагацца” і закрые мяжу зноў.

Польшча закрыла мяжу з Беларуссю 12 верасня, калі пачаліся беларуска-расійскія стратэгічныя вучэнні “Захад-2025”, якія і паслужылі падставай для такога рашэння.

Падзяліцца: