Мінск 16:13

Пракуратура спыніла продаж забароненых у Беларусі кніг на дзвюх інтэрнэт-пляцоўках

Ілюстрацыйнае фота: Alexander Grey / unsplash.com

6 кастрычніка, Позірк. На патрабаванне пракуратуры Савецкага раёна Мінска на дзвюх інтэрнет-пляцоўках вынятыя з продажу забароненыя ў Беларусі кнігі, вынікае з інфармацыі сталічнай пракуратуры.

Гаворка ідзе пра кнігі “Лета ў піянерскім гальштуку” і “Пра што маўчыць ластаўка”, напісаныя ў суаўтарстве расійскімі літаратарамі Аленай Малісавай і Кацярынай Сільванавай. Згадваюцца таксама кнігі “Сапсаваны кароль” і “Сталёвая прынцэса” брытанскага аўтара ў жанры “цёмнай рамантыкі” Рыны Кент і “Пераследуючы Адэлін” амерыканскай пісьменніцы Х. Д. Карлтан.

Усе гэтыя кнігі ўключаныя ў спіс друкаваных выданняў, што “ўтрымліваюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, распаўсюд якіх здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што Рына Кент у паведамленні пракуратуры і забаронным пераліку на сайце Міністэрства інфармацыі памылкова пазначаная, як “Кейт Р.”.

Адметна, што юнацкі раман пра 1980-я гады “Лета ў піянерскім гальштуку” быў бэстсэлерам у Расіі ў 2021–2022 гадах, фігураваў у топе продажаў на пляцоўках Ozon і “Лабірынт”, увайшоў у спіс дзесяці лепшых паводле рэйтынгу платформы “ЛітРэс”.

Рашэнне пра ўключэнне ў згаданы спіс прымае Рэспубліканская камісія па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі. Наяўнасць у выданнях шкоднасных элементаў структура вызначае, зыходзячы з уласнага ўяўлення пра тое, што можа “нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам”.

Папярэдні раз пералік папаўняўся 30 верасня. На гэты момант у Беларусі забароненыя 173 кнігі.

Падзяліцца: