Мінск 00:02

У Літве затрыманыя шасцёра падазраваных у кантрабандзе беларускіх цыгарэт з дапамогай аэрастатаў

Фота: САДМ

7 кастрычніка, Позірк. У Літве 3 і 5 кастрычніка былі затрыманыя шасцёра падазраваных у кантрабандзе беларускіх цыгарэт з дапамогай паветраных шароў, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы краіны (САДМ).

Затрыманыя — жыхары Вільнюскага, Шальчынінкайскага і Лаздзіяйскага раёнаў. У іх канфіскавана амаль 14 тыс. пачак цыгарэт і чатыры аўтамабілі.

Адзначаецца, што пасля допытаў усе затрыманыя вызваленыя пад падпіску аб нявыездзе.

Сёлета літоўскія памежнікі затрымалі 93 чалавекі, як мяркуецца, звязаных з кантрабандай беларускіх цыгарэт па паветры. За ўвесь 2024 год такіх затрыманых было 46.

Літоўскія ўлады абмяркоўваюць магчымасць узмацнення адказнасці за незаконнае захоўванне цыгарэт. Паводле дзеючага заканадаўства, крымінальная адказнасць надыходзіць пры захоўванні не менш як 1,5 тыс. пачак кантрабандных цыгарэт. Часта нелегальна транспартуюцца менавіта такія партыі тытунёвай прадукцыі — каб пазбегнуць крымінальных абвінавачванняў.

У 2025 годзе ў Літве абвінавачанні былі выстаўленыя толькі 34 з 96 затрыманых за кантрабанду цыгарэт.

Раней “Позірк” са спасылкай на польскія СМІ паведамляў, што ў ноч на 5 кастрычніка ў выніку “масавай акцыі беларускіх кантрабандыстаў” у Літву і Польшчу заляцела не менш за 26 паветраных шароў з цыгарэтамі. Адзін з іх упаў на польскай тэрыторыі, астатнія апынуліся на літоўскай. Аэрастаты, якія на той момант былі знойдзеныя ў Літве, транспартавалі 12 тыс. пачак згаданай тытунёвай прадукцыі.

Прадстаўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання ў крызісных сітуацыях (НЦККС) Дарус Бута адзначыў, што да 14 шароў, якія прыбылі з Беларусі, было заўважана ў Вільнюсе і прысталічным раёне, два — над Вільнюскім аэрапортам.

Праз гэта праца аэрапорта часова спынялася. Частка рэйсаў была адкладзеная, іншыя — скасаваныя. Агулам сітуацыя закранула каля 30 рэйсаў і амаль 6 тыс. пасажыраў.

Кантрабандысты рэгулярна выкарыстоўваюць паветраныя шары для пераправы цыгарэт з Беларусі ў суседнія краіны ЕС. 2 кастрычніка паведамлялася, што ў Літве за суткі перахоплена шэсць партый кантрабандных цыгарэт (усяго 12 тыс. пачак), дастаўленых з Беларусі з дапамогай дронаў.

28 верасня 2024 года на тэрыторыі аэрапорта ў Вільнюсе ўпаў метэазонд з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі. Прадстаўніца паліцыі Ларэта Кайрэнэ паведаміла, што “над аэрапортам пралятаў паветраны шар, які выбухнуў, і на тэрыторыю ўпала чорная скрынка”. Скрынка, як адзначалася, “была абцягнутая чорнай плёнкай, праз шчыліны якой былі бачныя пачкі цыгарэт “Мінск”. Інцыдэнт не паўплываў на працу аэрапорта.

Падзяліцца: