Мінск 01:05

Беларускія вайскоўцы адпрацуюць у Таджыкістане задачы “па падтрыманні міру і бяспекі”

15 кастрычніка, Позірк. Беларускі вайсковы кантынгент прыбыў 15 кастрычніка на вайсковы аэрадром Гісар паблізу Душанбэ (Таджыкістан) для ўдзелу ў вучэннях з міратворчымі сіламі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) “Непарушнае братэрства-2025“ і спецыяльных вучэннях “Бар’ер-2025“, паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны.

Падчас вучэнняў беларускія вайскоўцы “прымуць актыўны ўдзел у адпрацоўцы задач па падтрыманні міру і бяспекі ў Цэнтральнаазіяцкім рэгіёне“, асаблівая ўвага будзе нададзена “ўдасканаленню навыкаў прымянення сучасных сродкаў і тэхналогій ва ўмовах аператыўнай абстаноўкі, якая хутка змяняецца“, гаворыцца ў рэлізе ведамства.

“Міратворчая рота 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады мае багаты досвед удзелу ў розных мерапрыемствах як на тэрыторыі Беларусі, так і за мяжой, у краінах-удзельніцах АДКБ. Асабісты склад неаднаразова браў удзел у падобных вучэннях“, — заявіў намеснік камандуючага сіламі спецыяльных аперацый Узброеных сіл Аляксей Ялфімаў, які ўзначальвае кантынгент на вучэннях.

Раней Мінабароны паведамляла, што на вучэннях “Бар’ер-2025“ будуць упершыню праведзеныя манеўры з сумесным фарміраваннем радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны і медыцынскага забеспячэння, мяркуецца адпрацоўка вайскоўцамі “задач па ліквідацыі біялагічных пагроз у інтарэсах Калектыўных міратворчых сіл“.

У манеўрах прымуць удзел кантынгенты з Беларусі, Таджыкістана, Казахстана, Кыргызстана і Расіі. Акцэнт вучэнняў будзе зроблены “на зладжанасці дзеянняў у аператыўным рэагаванні на крызісныя сітуацыі”.

З 31 жніўня па 6 верасня ў Беларусі праходзілі вучэнні з Калектыўнымі сіламі аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ “Узаемадзеянне-2025“, “Пошук-2025“ і “Эшалон-2025“.

12–16 верасня прайшлі маштабныя беларуска-расійскія вучэнні “Захад-2025“, падчас якіх былі адпрацаваныя “планаванне ўжывання“ ядзернай зброі і комплексу “Арэшнік“, а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеянні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.

Падзяліцца: