Мінск 06:40

Актыўнасць мігрантаў на мяжы Беларусі і ЕС у кастрычніку на 43% перавышае паказчык гадавой даўнасці

Ілюстрацыя: strazgraniczna.pl

30 кастрычніка, Позірк. 55 спробаў нелегальнага пераходу з беларускай тэрыторыі зафіксавалі 29 кастрычніка суседнія краіны Еўрапейскага саюза.

Больш за ўсё спробаў адзначылі латвійскія службы — 36. На польскім напрамку зарэгістравана 10 спробаў (найменшая колькасць пасля 4 сакавіка, калі не было ніводнай), на літоўскім — 9.

Агульная колькасць спробаў з пачатку месяца перавысіла 3 тыс. і дасягнула 3.015. Гэта на 43,2% больш, чым за 29 дзён кастрычніка 2024 года.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што іх туды нібыта “паклікалі“.

Апошняе выказванне прагучала 28 кастрычніка на III Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы. У Мінска няма прычын, каб “абараняць Еўрапейскі саюз, Еўропу ад мігрантаў”. “Ва ўмовах усёабдымнага санкцыйнага ціску ў нас няма ні лішніх рэсурсаў, ні маральных абавязацельстваў вырашаць праблемы тых, хто гэтыя санкцыі ўвёў. Нас душаць санкцыі, кажуць, абараняйце нас… Як толькі ўвялі санкцыі і разарвалі з намі адносіны па пытаннях міграцыі, я ім сумленна і адкрыта сказаў: мы лавіць тут нікога не будзем і абараняць не будзем. <…> Мы не будзем вас абараняць з пятлёй на шыі. Санкцыі — гэта пятля на шыі беларускага народа. І вы ад нас патрабуеце вас абараняць? Гэтага не будзе”, — заявіў прамоўца.

Іншыя падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+” (калі спасылка не працуе, карыстайцеся, калі ласка, гэтай)

Падзяліцца: