Мінск 10:31

Рыжанкоў абмеркаваў з амбасадарам Алжыра падрыхтоўку кантактаў на вышэйшым узроўні

Фота: прэс-служба МЗС

14 лістапада, Позірк. Копіі даверчых грамат амбасадара Алжыра ў Расіі і Беларусі па сумяшчальніцтве Туфіка Джуамы 13 лістапада прыняў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў.

Прэс-служба знешнепалітычнага ведамства паведаміла, што бакі абмеркавалі “актуальныя пытанні супрацы” паміж дзвюма краінамі.

Як адзначаецца, “асаблівую ўвагу” суразмоўцы надалі падрыхтоўцы “будучых кантактаў на вышэйшым узроўні, уключаючы пашырэнне дагаворна-прававой базы, распрацоўку сумесных эканамічных праектаў, нарошчванне ўзаемнага тавараабароту і ўмацаванне сувязей паміж дзелавымі коламі, пашырэнне ўзаемадзеяння ў сферах аховы здароўя і адукацыі”.

Беларускі чыноўнік і алжырскі дыпламат, як заяўлена, пацвердзілі гатоўнасць і надалей сумесна працаваць для “актывізацыі двухбаковых сувязей”.

Пра планы “у хуткім часе” наведаць Алжыр заяўляў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 1 лістапада з Днём рэвалюцыі народ гэтай краіны ў Паўночнай Афрыцы і яе прэзідэнта Абдэльмаджыда Тэбуна, які, як сцвярджаецца, і запрасіў беларускага палітыка.

Рыжанкоў наведваў Алжыр у мінулым месяцы. 22 кастрычніка ён сярод іншага перадаў Тэбуну пасланне Лукашэнкі “з бачаннем беларускага боку па развіцці двухбаковай супрацы з акцэнтам на эканоміку”.

На наступны дзень на сустрэчы кіраўніка беларускага МЗС і міністра сельскай гаспадаркі, развіцця сельскіх тэрыторый і рыбалоўства Алжыра Ясіна Мехдзі Уаліда было заяўлена пра неабходнасць павялічыць узаемны тавараабарот.

Паводле звестак на сайце МЗС, тавараабарот паміж краінамі ў 2021 годзе склаў 1,01 млн долараў, прычым уся сума прыпала на беларускі экспарт. У асноўным Мінск пастаўляў калійныя ўгнаенні, прасякнутыя ці пакрытыя пластмасамі тэкстыльныя матэрыялы, газетную паперу і канцылярскія вырабы. Актуальных даных ведамства не прыводзіць.

Падзяліцца: