Мінск 21:16

Латушка: Нельга заключаць з Лукашэнкам ніякіх здзелак, пакуль ён не пойдзе на рэальныя змены ў Беларусі

Фота: АПК

16 лістапада, Позірк. Ніякіх здзелак з Аляксандрам Лукашэнкам нельга заключаць да таго часу, пакуль “ён не пойдзе на рэальныя ўнутрыпалітычныя змены ў інтарэсах беларускага грамадства”, заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка на сустрэчы з амбасадарам Германіі ў Польшчы Мігелем Бергерам.

Сустрэча, як адзначае АПК, прайшла “ў працяг кансультацый, якія адбыліся 20 кастрычніка ў канцылярыі федэральнага канцлера і МЗС Германіі”.

Паведамляецца, што на сустрэчы Латушка “прадставіў пазіцыю Аб’яднанага пераходнага кабінета ў кантэксце таго, што Лукашэнка заяўляе пра сваё жаданне заключыць “вялікую здзелку” з ЗША і Еўрапейскім саюзам”.

“Асобна кіраўнік НАУ праінфармаваў амбасадара Германіі аб дзейнасці, накіраванай на прыцягненне да адказнасці Лукашэнкі і яго саюзнікаў за акт агрэсіі супраць Украіны, за ваеннае злачынства — дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей, за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа”, — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама на сустрэчы абмяркоўвалася “пытанне падтрымкі Германіяй беларускіх дэмакратычных сіл у АБСЕ, у рамках групы членаў дэмакратычнай Беларусі ў АБСЕ”. Было адзначана, што “пастаяннае прадстаўніцтва Германіі пры АБСЕ з’яўляецца адным з двух членаў сакратарыята гэтай групы”, удакладняе АПК.

Адзначаецца, што Латушка прадставіў нямецкаму дыпламату “інфармацыю з доказамі і фактамі аб транснацыянальных рэпрэсіях у дачыненні да беларусаў, якія вымушана пражываюць за мяжой, з улікам створанай у МЗС Германіі рабочай групы па трансгранічных злачынствах і транснацыянальных рэпрэсіях”.

“Павел Латушка працягвае кансультацыі з прадстаўнікамі краін — членаў Еўрапейскага саюза. Ужо адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі МЗС і амбасадарамі Францыі, Германіі, Швецыі, Кіпра, Латвіі. Найбліжэйшым часам запланаваная сустрэча з амбасадарам Даніі, краіны, якая цяпер старшынюе ў ЕС”, — заяўляецца ў рэлізе.

Пра гатоўнасць да “вялікай здзелкі” з Вашынгтонам Лукашэнка чарговым разам заявіў падчас паездкі ў Лепельскі раён (Віцебская вобласць). Умовай той “здзелкі” ён назваў захаванне “сваіх інтарэсаў”.

2 лютага 2025 года ў выніку непублічных перамоваў у Мінску намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафера Сміта і прадстаўнікоў беларускіх уладаў былі вызваленыя і адпраўленыя ў Літву палітвязні Андрэй Кузнечык (супрацоўнік “Радыё Свабода”), Алена Маўшук, а таксама асуджаны ў рамках палітычна матываванай справы амерыканскі і ўкраінскі грамадзянін Мікалай Шугаеў.

21 чэрвеня ў беларускай сталіцы адбыліся перамовы Лукашэнкі і спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Украіне Кіта Келага. Неўзабаве пасля гэтага на волю адпусцілі і дэ-факта выслалі з краіны 14 чалавек, пераважна палітвязняў, у тым ліку відэаблогера Сяргея Ціханоўскага — мужа Святланы Ціханоўскай.

52 зняволеных, у тым ліку 40 палітычных, было вызвалена 11 верасня ў рамках здзелкі паміж адміністрацыяй Трампа і Лукашэнкі. Умовай вызвалення быў выезд вязняў з краіны.

Адзін з вызваленых — апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч — адмовіўся эміграваць у Літву, куды павезлі групу, і вярнуўся на беларускую тэрыторыю.

На 16 лістапада ў спісе праваабарончага цэнтра “Вясна” налічваецца 1.255 палітвязняў.

Падзяліцца: