Мінск 20:26

Ціханоўская: Дыктатура заўсёды азначае вайну

Ілюстрацыя: “Позірк”

17 лістапада, Позірк. Без міру ў грамадстве “не можа быць душэўнага спакою”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, выступаючы 17 лістапада па відэасувязі на канферэнцыі “Марафон за мір”, якая праходзіць у Рыме.

“Беларусь сёння здаецца мірнай краінай. І ўсё ж яна ўцягнутая ў вайну. Калі замежныя войскі размяшчаюцца ў нашай краіне, каб напасці на нашага суседа, гэта не сапраўдны мір. Калі рэжым [Аляксандра Лукашэнкі] вырабляе зброю, каб забіваць мірных жыхароў, гэта не сапраўдны мір. Калі нас саджаюць у турму за пратэст супраць вайны, гэта не сапраўдны мір. Усё гэта адбываецца ў Беларусі, пакуль я гавару”, — адзначыла Ціханоўская.

“І гэта не сапраўдны мір, калі паўмільёна нашых грамадзян вымушаныя жыць у выгнанні, а некалькі тысяч знаходзяцца ў турме”, — падкрэсліла палітык.

Дзеянні ўладаў у Мінску яна звязала з адсутнасцю ў краіне дэмакратыі. “Дыктатура заўсёды азначае вайну. Дыктатары, якія не паважаюць бяспеку свайго ўласнага народа, не будуць паважаць мір і бяспеку іншых”, — удакладніла Ціханоўская.

Яна падзякавала Італіі за падтрымку дэмакратычных памкненняў беларусаў, у прыватнасці, за тое, што італьянцы “адкрылі свае гарады, дамы і сэрцы для сем’яў беларускіх палітычных зняволеных”.

“Мір — гэта сацыяльная справядлівасць і роўныя правы для ўсіх. Гэта свабода казаць праўду тым, хто ва ўладзе. Мір — гэта калі ты можаш вучыць сваіх дзяцей на роднай мове. Калі іх бацька вяртаецца дадому, а не адпраўляецца ў турму або на вайну. Калі вашы ночы не перарываюцца адключэннямі электраэнэргіі, выбухамі бомбаў, паліцэйскімі ператрусамі і допытамі”, — адзначыла Ціханоўская.

Яна заявіла пра важнасць “міру і працвітання” для ўсёй Еўропы, уключаючы Украіну, Беларусь, Малдову, Грузію, Арменію.

“Мы не думаем, што магутны сусед можа дыктаваць нашаму народу, каму належаць і з кім супрацоўнічаць”, — сказала дэмлідар.

“Марафон за мір” — сетка грамадскіх антываенных ініцыятыў, створаная пры ўдзеле Італьянскай канфедэрацыі прафсаюзаў рабочых (CISL). Дзейнічае ў Італіі з прыцягненнем розных сацыяльных груп. На сайце CISL гаворыцца, што апошнім часам канферэнцыі “Марафону за мір” накіраваныя на падтрымку народа Украіны ў барацьбе з расійскай агрэсіяй.

Падзяліцца: