Мінск 22:35

Эксперты ААН заклікалі спыніць рэпрэсіі адвакатаў у Беларусі

Лагатып ААН
Ілюстрацыя: wikipedia.org

17 лістапада, Позірк. Эксперты ААН асудзілі 17 лістапада прызнанне “экстрэмісцкім фарміраваннем” “Беларускай асацыяцыі адвакатаў па правах чалавека” (БААПЧ) і заклікалі ўлады ў Мінску спыніць рэпрэсіі незалежных адвакатаў.

“Неабгрунтаванае ўмяшанне і абмежаванні, якія накладаюцца на юрыдычную прафесію ў Беларусі, рызыкуюць адкрыць шлях да сістэматычных парушэнняў права на справядлівае судовае разбіральніцтва і роўнасць перад законам на ўсёй тэрыторыі краіны”, — адзначаецца ў заяве.

Эксперты зноў заклікалі ўлады ў Мінску прывесці нацыянальнае антытэрарыстычнае і антыэкстрэмісцкае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнародным правам.

“Мы асцерагаемся, што БААПЧ магла быць прызнаная “экстрэмісцкай” у адказ на яе ўзаемадзеянне з міжнароднымі органамі і механізмамі правоў чалавека, і заклікаем улады Беларусі скасаваць гэтае вызначэнне і ўстрымацца ад распачынання крымінальных спраў у дачыненні да яе членаў”, — заявілі эксперты.

“Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека” прызнаная “экстрэмісцкім фарміраваннем” у жніўні 2025 года.

БААПЧ створана за мяжой у красавіку 2023 года. Яна аб’яднала спецыялістаў, пазбаўленых права на прафесію ў Беларусі і вымушана пакінуўшых краіну. Рэсурсы арганізацыі ў інтэрнэце маюць статус“экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года пачаўся сістэматычны ціск на адвакатуру. Інстытут заканадаўча фактычна пазбавіўся не залежнага ад дзяржавы статусу: з 2021 года адвакаты могуць працаваць толькі пры юрыдычных кансультацыях, загадчыкі якіх прызначаюцца па ўзгадненні з Мінюстам. У 2022 годзе паўнамоцтвы загадчыкаў пашырылі.

Супраць шэрагу адвакатаў былі заведзеныя крымінальныя справы паводле палітычных матываў, асобныя прызнаныя палітвязнямі. Пад пагрозай пераследу некаторыя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

У канцы лютага гэтага года ў Мінску КДБ затрымаў прынамсі 12 адвакатаў. Большая частка з іх выйшла на волю.

Раней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што адвакатура павінна знаходзіцца “пад кантролем” і “дзейнічаць паводле закона, а не нейкіх прыдуманых нормаў — свабоды слова і іншых свабодаў”.

Паводле даных ініцыятывы “Права на абарону” на пачатак 2024 года, за чатыры гады ў Беларусі колькасць адвакатаў скарацілася з 2.200 да 1.650.

11 красавіка намеснік міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў заявіў, што “сёння ў краіне 1.588 адвакатаў, якія аказваюць на прафесійнай аснове юрыдычную дапамогу ўсім, хто мае патрэбу ў ёй”.

Паводле звестак ААН, за апошнія пяць гадоў колькасць адвакатаў у Беларусі скарацілася больш чым на 590 чалавек, да крымінальнай адказнасці прыцягнута не менш за 14 адвакатаў.

Падзяліцца: