Мінск 13:34

Парламентарыі ЗША заклікалі Дзярждэп аднавіць санкцыі пры далейшых рэпрэсіях у Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: cottonbro studio / pexels.com

18 лістапада, Позірк. Увесці “дакладныя механізмы праверкі сапраўднасці і ўстойлівасці вызваленняў” беларускіх палітвязняў, разгледзець “магчымасць неадкладнага аднаўлення санкцый” у дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі “ў выпадку новых арыштаў з палітычных матываў” заклікала адміністрацыю прэзідэнта ЗША Дональда Трампа міжпартыйная група амерыканскіх парламентарыяў.

Пра тое, што сенатар-рэспубліканец Джон Кёрціс, сенатар-дэмакрат Пітэр Уэлч і дэмакраты — члены Палаты прадстаўнікоў Стыў Коэн і Джо Уілсан накіравалі адпаведны ліст на адрас дзяржсакратара Марка Рубіё 13 лістапада, “Позірк” паведамляў на мінулым тыдні. 17 лістапада Уэлч апублікаваў на сваім сайце поўны тэкст звароту.

“Перамовы з рэжымам Лукашэнкі непазбежна спрыяюць яго імкненню да легітымнасці ў вачах міжнароднай супольнасці, — гаворыцца ў лісце. — Паколькі адміністрацыя працягвае ўзаемадзейнічаць з гэтым нелегітымным рэжымам, мы заклікаем да асцярожнасці, каб любы прагрэс у вызваленні палітычных зняволеных не быў падарваны працяглай практыкай адвольных затрыманняў з боку ўрада [Беларусі]”.

“Нельга дапускаць, каб практыка рэжыму па вызваленні некаторых зняволеных пры адначасовым затрыманні новых апазіцыянераў, журналістаў і праваабаронцаў працягвалася бескантрольна”, — падкрэслілі аўтары звароту.

Адначасова, як пазначана ў лісце, Беларусь “працягвае садзейнічаць незаконнай агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны, у тым ліку шляхам забеспячэння магчымасці нанясення ўдараў беспілотнымі лятучымі апаратамі з яе тэрыторыі і падтрымкі гібрыдных ваенных тактык, такіх як арганізацыя нелегальнай міграцыі ў Еўрасаюз”.

“Гэтыя дзеянні не толькі спрыяюць працягу рэпрэсій унутры краіны, але і наўпрост падрываюць інтарэсы ЗША і трансатлантычную бяспеку ў рэгіёне ў цэлым, — канстатавалі парламентарыі. — Хоць мы прызнаем значныя дасягненні адміністрацыі на сённяшні дзень, гэтыя дзеянні дэманструюць неабходнасць сталай пільнасці і ўмоўнасці ў любых далейшых узаемадзеяннях з рэжымам Лукашэнкі”.

Аўтары звароту заклікалі адміністрацыю “каардынаваць свае дзеянні з беларускім дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай і беларускім дэмакратычным рухам, у тым ліку ў кантэксце стратэгічнага дыялогу паміж Злучанымі Штатамі і Беларуссю”.

Члены Кангрэса ЗША таксама абнародавалі спіс палітзняволеных, вызваленню якіх, на іх думку, варта надаць прыярытэтную ўвагу на будучых перагаворах з уладамі Беларусі. У пераліку фігуруюць Марыя Калеснікава, Кацярына Андрэева ​​(Бахвалава), Віктар і Эдуард Бабарыкі, Марфа Рабкова, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Анастасія Лойка, Дзяніс Івашын і Максім Знак.

“Усе абвінавачанні з вызваленых палітвязняў маюць быць знятыя. Іх не павінны прымушаць да выгнання, што з’яўляецца парушэннем міжнароднага права”, — пазначылі сваю пазіцыю аўтары ліста.

“Мы таксама заклікаем Дзярждэпартамент надаць прыярытэтную ўвагу вызваленню асоб, якія маюць патрэбу ў тэрміновай медыцынскай дапамозе, уключаных у так званы “гуманітарны спіс”, складзены беларускімі праваабарончымі арганізацыямі”, — гаворыцца ў звароце.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падзякавала згаданым парламентарыям за ліст, у якім яны “высока ацанілі нядаўнія намаганні па вызваленні палітычных зняволеных у Беларусі і заклікалі да “сталай пільнасці” ва ўсіх кантактах з рэжымам Лукашэнкі”.

“Я глыбока шаную іх заклік да ўмацавання супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Наша праца працягваецца да тае пары, пакуль кожны палітычны вязень у нашай краіне не будзе вольны”, — напісала яна на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

9 лістапада Трамп паведаміў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social, што намінаваў 78-гадовага Джона Коўла на пасаду спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі. “Ён ужо паспяхова дамогся вызвалення 100 Закладнікаў (так амерыканскі кіраўнік называе палітвязняў; “закладнікі” ў арыгінале з вялікай літары. — “Позірк”.) і мае намер дамагчыся вызвалення яшчэ 50. Загадзя хацеў бы падзякаваць шаноўнаму прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку за яго ўвагу да пытання вызвалення гэтых людзей”, — адзначыў палітык.

Да таго моманту Коўла прадстаўлялі як намесніка Кіта Келага — спецпасланніка Трампа па Украіне. У 2025 годзе Коўл удзельнічаў у вызваленні (з далейшым вывазам у Літву) дзвюх груп палітвязняў, а таксама замежных грамадзян без гэтага статусу: 21 чэрвеня — 14, а таксама 11 верасня — 52 (агулам 66, а не 100, як заявіў Трамп; пры гэтым дастаўлены да мяжы Мікалай Статкевіч адмовіўся выязджаць з краіны і, мяркуючы па намёках Лукашэнкі, вернуты ў калонію).

14 кастрычніка на нарадзе па пытаннях “глабальнай міжнароднай абстаноўкі і развіцці беларуска-амерыканскіх стасункаў” Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць да “вялікай здзелкі” з ЗША.

11 верасня і 4 лістапада ЗША ў два этапы знялі санкцыі з авіякампаніі “Белавія”, у тым ліку з трох самалётаў, якія могуць мець дачыненне да Лукашэнкі і кампаніі “Слаўкалій”, што раней актыўна працавала на тэрыторыі Беларусі.

Падзяліцца: