Літоўскія памежнікі затрымалі двух жыхароў прыгранічнага мястэчка з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі

18 лістапада, Позірк. Двух жыхароў мястэчка Адуцішкіс, якое мяжуе з Беларуссю, затрымалі ўвечары 16 лістапада ў лесе Швянчоніскага раёна літоўскія памежнікі, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Літвы.
Паводле інфармацыі ведамства, ля вёскі Моцішкя, якая знаходзіцца непадалёк ад беларускай мяжы, супрацоўнікі САДМ знайшлі 16 “нядбайна складзеных” скруткаў, абгорнутых чорнай поліэтыленавай плёнкай. Сярод памежнікаў быў кінолаг з сабакам, які вывеў іх на двух мужчын, што хутка ішлі па лесе.
“У аднаго з іх быў заплечнік з чорнымі поліэтыленавымі пакетамі і вяроўкай, — гаворыцца ў паведамленні. — Мужчыны прызналіся, што не паспелі сабраць цыгарэты і хутка пакінулі месца, пачуўшы, як пад’язджаў аўтамабіль памежнікаў. Высветлена, што абодва жыхары мястэчка мястэчка Адуцішкіс не ўключаныя ў спіс асоб, якія маюць права знаходзіцца ў зоне аховы дзяржаўнай мяжы, на памежнай паласе і ў памежных водах“.
“Агледзеўшы знойдзеныя скруткі, супрацоўнікі САДМ налічылі 1.440 пачкаў цыгарэт Minsk Capital QS і Minsk City QS з беларускімі акцызнымі маркамі. Кошт такой колькасці тытунёвых вырабаў, уключаючы ўсе абавязковыя падаткі ў Літве, складае амаль 7,5 тыс. еўра”, — адзначыла САДМ.
Затрыманых разам з кантрабандай даставілі на памежную заставу. У дачыненні да мужчын распачатая адміністрацыйная вытворчасць за “перавозку акцызных тавараў з парушэннем вызначанага парадку”; кожнаму пагражае штраф да 6.000 еўра, а за паўторнае парушэнне заканадаўства, якое рэгулюе прававы рэжым мяжы, — дадатковы штраф у памеры 90–170 еўра.
17 лістапада САДМ адсправаздачылася пра правядзенне спецыяльнай аперацыі па барацьбе з кантрабандай цыгарэт з Беларусі.
Паводле інфармацыі Дзяржпагранкамітэта, у літоўскім пункце пропуску Лаварышкес (з беларускага боку — Катлоўка) 18 лістапада праходзіць рабочая сустрэча намеснікаў галоўных памежных упаўнаважаных Беларусі і Літвы. “Бакі абмяркоўваюць існую абстаноўку на беларуска-літоўскім участку мяжы, а таксама шляхі процідзеяння незаконнай міграцыі і барацьбы з кантрабандай па-за пунктамі пропуску”, — гаворыцца ў паведамленні.
Варта адзначыць, што прадстаўнікі Вільнюса, анансуючы гэтую сустрэчу, заяўлялі, што будзе абмяркоўвацца пытанне літоўскіх грузавікоў, што захраслі ў Беларусі.
Напрыканцы кастрычніка Літва сутыкнулася з неаднаразовым масавым прылётам з Беларусі паветраных шароў і метэазондаў, якія выкарыстоўваюць кантрабандысты для перакідкі цыгарэт. Рэагуючы на гэта, Вільнюс некалькі разоў часова закрываў пункты пропуску, а 29 кастрычніка літоўскі ўрад вырашыў закрыць іх на больш працяглы тэрмін — да 24:00 30 лістапада (1:00 1 снежня паводле мінскага часу) з магчымасцю падаўжэння.
У адказ урад Беларусі 31 кастрычніка прыняў пастанову № 599 “Аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры”, якой забараніў зарэгістраваным у Літве грузавым аўтамабілям, цягачам, прычэпам і паўпрычэпам праязджаць праз усе пункты пропуску, за выключэннем літоўскіх.
У выніку існай сітуацыі ў Беларусі затрымалася сама меней 1,3 тыс. літоўскіх грузавікоў, якія ўлады ў Мінску распарадзіліся змясціць на стаянкі — пад платную ахову.
Вільнюс беспаспяхова паспрабаваў вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве альбо скасаваць рашэнне пра закрыццё мяжы, альбо выйсці на палітыка-дыпламатычнае вырашэнне праблемы.
Так, прэс-сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў заявіў 14 лістапада, што ведамства вітае прапанову, якая паступіла ад літоўскага боку, правесці на пачатку наступнага тыдня сустрэчу на ўзроўні намеснікаў кіраўнікоў памежных службаў дзвюх краін па пытанні барацьбы з трансгранічнай злачыннасцю.
Аднак, на думку Варанкова, “такое ўзаемадзеянне не вырашае пытання адкрыцця закрытых у аднабаковым парадку літоўскім бокам пунктаў пропуску і аднаўлення праз іх руху грамадзян, транспартных сродкаў і грузаў”.
“Яшчэ раз падкрэсліваем, што з улікам комплекснага характару гэтага пытання яго вырашэнне магчымае толькі на палітыка-дыпламатычным узроўні, чаго ад нас так чакаюць грамадзяне Беларусі, Літвы ды іншых дзяржаў, уключаючы ЕС. Беларускі бок да гэтага гатовы. Але існуе і іншы, больш просты варыянт, які не прадугледжвае перамоў: літоўскі бок можа проста скасаваць сваё аднабаковае рашэнне пра закрыццё мяжы”, — заявіў прадстаўнік МЗС.

- Грамадства, ПалітыкаЛатвія зафіксавала дзве спробы незаконнага пераходу з Беларусі, на межах з Польшчай і Літвой па-ранейшаму спакойна (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаАд пачатку года колькасць беларусаў з дазволам на пражыванне ў Літве зменшылася амаль на 12% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- ЭканомікаУ трэцім квартале самыя дарагія ў ЕАЭС кароткатэрміновыя валютныя крэдыты былі ў БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка

