Мінск 11:52

У Літве абвешчана экстрэмальная сітуацыя праз “гібрыдную атаку Беларусі” (дапоўнена)

Урад Літвы
Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба ўрада Літвы

9 снежня, Позірк. Урад Літвы 9 снежня абвясціў экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі”, вынікае з паведамлення прэс-службы органа выканаўчай улады гэтай балтыйскай краіны.

Адзначаецца, што рашэнне прынятае “ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) навакольнага асяроддзя, што ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, якія перавозяць кантрабанду”.

Як і чакалася, “аперацыйным кіраўніком па экстрэмальнай сітуацыі” прызначаны міністр унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч. Ведамства, якое ён ачольвае, было ініцыятарам увядзення ЭС.

Паведамляецца, што ўвядзенне ЭС скіраванае “не толькі на зніжэнне пагрозы для грамадзянскай авіяцыі, але і на забеспячэнне інтарэсаў нацыянальнай бяспекі Літвы і больш шчыльную каардынацыю дзеянняў устаноў”.

“Пасля абвяшчэння экстрэмальнай сітуацыі мы зможам дзейнічаць значна больш скаардынавана, паколькі вайскоўцы атрымаюць пэўныя адмысловыя паўнамоцтвы, якія дазволяць ім дзейнічаць больш эфектыўна — як сумесна з падраздзяленнямі сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў, так і самастойна”, — заявіў кіраўнік МУС.

Прэм’ер-міністр Інга Ругінене ў сувязі з увядзеннем ЭС заявіла, што літоўскія ўлады, “процідзейнічаючы гібрыднай атацы Беларусі”, абавязаныя “рабіць самыя строгія захады і абараняць тыя вобласці, якія мацней за ўсё трапляюць пад яе ўздзеянне”.

“Усе задзейнічаныя ўстановы аб’ядноўваюць намаганні, каб ліквідаваць пагрозу, што ствараецца кантрабанднымі паветранымі шарамі. Насельніцтва не адчуе нязручнасцей у сувязі з уведзеным рэжымам”, — запэўніла яна.

Урад нагадаў, праз пагрозу, што ствараюць для грамадзянскай авіяцыі паветраныя шары, якія прылятаюць з кантрабандай, Вільнюскі аэрапорт з кастрычніка быў закрыты агулам больш за 60 гадзін. Праблема закранула больш за 350 рэйсаў, каля 51 тыс. пасажыраў.

Адзначаецца, што ЭС “уводзіцца не на частцы тэрыторыі, а на ўсёй Літве, паколькі ў залежнасці ад напрамку ветру кантрабандныя шары могуць перамяшчацца ў некалькіх муніцыпалітэтах краіны”. “Згодна з фіксаванымі навігацыйнымі знакамі, характэрнымі для такіх шароў, гэта закранула не толькі Вільнюскі, але і Каўнаскі аэрапорт; аналагічныя знакі былі зафіксаваныя і ў глыбіні краіны (у наваколлях гарадоў Шаўляй і Кедайняй)”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Цяпер службы, імкнучыся прадухіліць гібрыдную атаку, дзейнічаюць паводле скарэктаваных алгарытмаў узаемадзеяння, скарочаны час прыняцця рашэнняў, — адзначыў урад. — Вільнюскі аэрапорт працуе ў звычайным рэжыме, наколькі гэта дазваляе бяспека. Акрамя таго, штоноч паліцыя, Служба аховы дзяржмяжы, Крымінальная служба мытні і Вайсковая паліцыя праводзяць рэйды на прыгранічных тэрыторыях: правяраюць тысячы аўтамабіляў і асоб, перахапляюць шары, затрымліваюць кантрабанду. Памежнікаў наўпрост падтрымлівае войска, якое тэстуе магчымыя сродкі нейтралізацыі цэляў і ўдзельнічае ў назіранні за паветранай прасторай”.

Апошні раз паветраная прастора над аэрапортам Вільнюса праз метэазонды з Беларусі закрывалася ўвечары 6 снежня.

2 снежня Кандратовіч у звароце на імя камісара ЕС па ўнутраных справах і пытаннях міграцыі Магнуса Брунера паведаміў, што ад пачатку 2025 года зафіксавана парушэнне паветранай прасторы Літвы 599 шарамі для транспартавання кантрабанды і 197 дронамі.

Напрыканцы кастрычніка Вільнюс закрыў пункты пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавы прылёт з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, якія перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.

Пагранпераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Лукашэнкі паспеў пастрожыць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. У Беларусі захрасла каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы.

Пры гэтым Мінск настойвае, што далейшыя перамовы з Вільнюсам па гэтым пытанні павінны весціся на палітычным узроўні, Літва (прынамсі публічна) спрабуе пазбегнуць гэтага. Такія кантакты, на думку ўладаў балтыйскай дзяржавы, будуць азначаць легітымацыю беларускага рэжыму.

Падзяліцца: